Прадпрыемствы Пастаўскага раёна і Йыхвіскай воласці Эстоніі будуць усталёўваць прамыя гаспадарчыя сувязі

30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пастаўскі раён (Віцебская вобласць) і Йыхвіская воласць Эстоніі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Дакумент прадугледжвае ўстанаўленне прамых гаспадарчых сувязей паміж прадпрыемствамі, абмен вопытам па пытаннях добраўпарадкавання, работы камунальных службаў, а таксама ўзаемадзеянне ў галіне культуры, адукацыі, маладзёжных абменаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў генеральны консул Беларусі ў Таліне Аляксандр Астроўскі. Падпісанне дакумента адбылося падчас візіту ў эстонскі горад Йыхві дэлегацыі Пастаўскага раёна. Яна азнаёмілася з інфраструктурай і работай асноўных службаў воласнага праўлення, наведала прадпрыемствы, установы культуры і спартыўныя аб'екты. Гэта ўжо пяты дагавор аб узаемадзеянні, заключаны паміж рэгіёнамі Беларусі і Эстоніі за апошнія тры гады. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва з'яўляецца важнай састаўляючай беларуска-эстонскага ўзаемадзеяння. Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Мікалай Коваль, падпісанае пагадненне дасць імпульс развіццю двухбаковых адносін рэгіёнаў, будзе садзейнічаць больш цеснаму супрацоўніцтву ва ўсіх сферах, устанаўленню новых дзелавых кантактаў, дапаможа знайсці партнёраў для стварэння на тэрыторыі раёна сумеснай вытворчасці або рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Па словах Мікалая Коваля, аналагічныя пагадненні ў Пастаўскага раёна ўжо заключаны з гарадамі Літвы, Польшчы, Латвіі, Італіі, Маскоўскай вобласці і Курскім раёнам. За 2008 год знешнегандлёвы абарот Пастаўскага раёна склаў амаль $35 млн. Аб'ём экспарту за гэты перыяд павялічыўся да 2007 года на 32,7% да $21,7 млн., імпарту - у 3,3 раза да $13,1 млн.-0-