Прадпрыемствы спажывецкай кааперацыі Віцебскай вобласці экспартавалі замарожаныя ягады на $1 млн.

26 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Спажывецкія таварыствы Віцебскага аблспажыўсаюза ў студзені-кастрычніку бягучага года экспартавалі замарожаныя ягады на $1 млн., што на 60% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пра гэта паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама старшыня аблспажыўсаюза Аляксандр Шынкарэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. За 10 месяцаў нарыхтавана 508 т ягад, за мяжу пастаўлена 427 т замарожанай прадукцыі. Як адзначыў Аляксандр Шынкарэнка, дамагчыся такіх вынікаў удалося дзякуючы таму, што 16 райспажыўсаюзаў у бягучым годзе ўсталявалі маразільныя камеры і цяпер без пасрэднікаў - па прамых кантрактах - пастаўляюць прадукцыю на экспарт. Аляксандр Шынкарэнка таксама паведаміў, што аб'ём закупак сельгаспрадукцыі ў насельніцтва ў бягучым годзе ўзрос на 12,6% і склаў 52% у агульным аб'ёме закупак. У наступным годзе гэтая тэндэнцыя захаваецца, дадаў ён.-0-