Прадпрыемствы-рэзідэнты СЭЗ "Віцебск" у 2010 годзе павялічылі экспарт тавараў больш чым на чвэрць

11 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Аб'ём экспарту тавараў прадпрыемствамі-рэзідэнтамі СЭЗ "Віцебск" у 2010 годзе вырас больш чым на 25% у параўнанні з 2009 годам і перавысіў $140 млн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі СЭЗ. Асноўны аб'ём экспартных паставак (больш за 90%) прыпадае на краіны СНД, у тым ліку доля Расіі ў агульным аб'ёме экспарту перавышае 80%. Акрамя таго, у бягучым годзе рэзідэнты ажыццяўлялі знешнегандлёвыя аперацыі з партнёрамі з Германіі, ЗША, Аўстрыі, а таксама Літвы і Латвіі. Імпартавана сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых вырабаў на суму $124,3 млн., што на 6,3% менш чым у 2009-м. Па выніках знешнегандлёвай дзейнасці СЭЗ "Віцебск" у 2010 годзе сфарміравана станоўчае сальда ў памеры $15,7 млн. (без уліку нафты і нафтапрадуктаў станоўчае сальда склала $17,4 млн.). Рэзідэнты СЭЗ прыцягнулі замежных інвестыцый на суму каля $23,2 млн., у тым ліку $15,5 млн. прамых інвестыцый. У структуры прамых інвестыцый больш за 58% прыпадае на рэінвесціраванне прыбытку замежных інвестараў у развіццё дзейных вытворчасцей. У 2010 годзе рэзідэнты СЭЗ выкарысталі Br70,6 млрд. інвестыцый, з якіх каля 75% (Br53,2 млрд.) накіравана ў асноўны капітал. З улікам асваення сродкаў рэспубліканскага бюджэту на развіццё інфраструктуры СЭЗ "Віцебск" агульны аб'ём інвестыцый у асноўны капітал па СЭЗ склаў Br58,2 млрд., з якіх звыш 94% накіраваны на будаўніцтва і рэканструкцыю вытворчых плошчаў, а таксама на набыццё новага абсталявання. Аб'ём вытворчасці прамысловай прадукцыі на прадпрыемствах-рэзідэнтах склаў Br716 млрд. і вырас больш чым на 21% у супастаўных цэнах у параўнанні з 2009 годам. Амаль 50% ад агульнага аб'ёму вытворчасці склала прадукцыя імпартазамяшчальнага характару, усяго ў праграму імпартазамяшчэння ўключаны 14 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск". Выручка ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг) склала Br836,5 млрд. Рэзідэнтамі атрымана чысты прыбытак у памеры амаль Br13 млрд., у бюджэт і пазабюджэтныя фонды пералічана Br75,7 млрд. За год на прадпрыемствах-рэзідэнтах створана больш за 600 рабочых месцаў, а іх агульная колькасць, па дадзеных на 1 студзеня 2011 года, перавысіла 8,8 тыс. СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. Сёння ў СЭЗ рэалізуецца 38 інвестыцыйных праектаў. Больш за 60% рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск" з'яўляюцца сумеснымі і замежнымі прадпрыемствамі, створанымі з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Германіі, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Канады, Галандыі і Ізраіля. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці. Тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны ўключае 12 сектараў агульнай плошчай больш за 2,1 тыс.га, якія размешчаны ў гарадской рысе Віцебска, Пастаў, Оршы, Барані, гарадскога пасёлка Балбасава (Аршанскі раён), а таксама ў Віцебскім раёне.-0-