Прадпрыемствы-рэзідэнты СЭЗ "Віцебск" у студзені-сакавіку павялічылі экспарт тавараў на 21%

5 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Экспарт тавараў прадпрыемствамі-рэзідэнтамі СЭЗ "Віцебск" у студзені-сакавіку павялічыўся амаль на 21% у параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года і склаў $36,6 млн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі СЭЗ. Асноўны аб'ём экспартных паставак (больш за 95%) прыпадае на краіны СНД, доля Расіі ў агульным аб'ёме экспарту перавышае 80%. Акрамя таго, у бягучым годзе рэзідэнты ажыццяўлялі знешнегандлёвыя аперацыі з партнёрамі з Германіі, ЗША, Аўстрыі, а таксама Літвы і Латвіі. Імпартавана сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых вырабаў на суму $31,2 млн., што на 5,1% больш, чым у першым квартале 2010 года. Па выніках знешнегандлёвай дзейнасці СЭЗ "Віцебск" у першым квартале сфарміравана станоўчае сальда ў памеры $5,4 млн. Рэзідэнты СЭЗ прыцягнулі замежныя інвестыцыі на суму каля $11 млн., у тым ліку $7,1 млн. прамых інвестыцый. У структуры прамых інвестыцый амаль 72% прыпадае на рэінвесціраванне прыбытку замежных інвестараў у развіццё дзеючых вытворчасцей. Аб'ём вытворчасці прамысловай прадукцыі на прадпрыемствах-рэзідэнтах склаў Br220 млрд. і вырас на 41,6% у параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года (без уліку прадпрыемстваў рэспубліканскага падпарадкавання рост склаў амаль 60%). Каля 50% агульнага аб'ёму вытворчасці склала імпартазамяшчальная прадукцыя, усяго ў праграму імпартазамяшчэння ўключаны 14 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск". Выручка ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг) склала Br222,6 млрд. Рэзідэнтамі атрымана чысты прыбытак у памеры Br11,4 млрд., у бюджэт і пазабюджэтныя фонды пералічана Br17 млрд. падаткаў, збораў і плацяжоў. У першым квартале года на прадпрыемствах-рэзідэнтах створана больш за 140 рабочых месцаў, а іх агульная колькасць па даных на 1 красавіка перавысіла 8,6 тыс. адзінак. СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. Сёння ў СЭЗ рэалізуецца 38 інвестыцыйных праектаў. Больш за 60% рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск" з'яўляюцца сумеснымі і замежнымі прадпрыемствамі, створанымі з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Германіі, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Канады, Галандыі і Ізраіля. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці. Тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны ўключае 12 сектараў агульнай плошчай больш за 2,1 тыс.га, якія размешчаны ў гарадской рысе Віцебска, Пастаў, Оршы, Барані, гарадскога пасёлка Балбасава (Аршанскі раён), а таксама ў Віцебскім раёне.-0-