Прадпрыемствы з замежнымі інвестыцыямі Віцебскай вобласці павялічылі плацяжы ў бюджэт амаль у 2 разы
27 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прадпрыемствы з замежнымі інвестыцыямі, зарэгістраваныя ў Віцебскай вобласці, у студзені-красавіку выплацілі падаткаў і збораў у аб'ёме каля Br45,8 млрд., што ў супастаўных цэнах амаль у 2 разы перавышае плацяжы за аналагічны перыяд мінулага года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці.
Паводле даных на 1 мая, у вобласці ажыццяўляюць дзейнасць 214 прадпрыемстваў з замежнымі інвестыцыямі. За год іх колькасць вырасла амаль на 10%. Доля паступленняў ад такіх плацельшчыкаў у агульных даходах бюджэту складае каля 4,2% і вырасла больш чым на 2 працэнтныя пункты ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Таксама ў бягучым годзе адзначаецца рост бюджэтных плацяжоў замежных юрыдычных асоб. За 4 месяцы ад такіх плацельшчыкаў у бюджэт паступіла амаль Br1,8 млрд., што на 12,5% больш, чым за аналагічны перыяд 2009-га.
Усяго за студзень-красавік у кансалідаваны бюджэт вобласці паступіла амаль Br1,1 трлн. даходаў. У рэспубліканскі бюджэт прыцягнута каля Br513,5 млрд., у мясцовы - больш Br584 млрд. У структуры даходаў удзельная вага акцызаў у агульным аб'ёме паступленняў складае 33,1%, падатку на дададзеную вартасць - 16,3%, падаходнага падатку - 13,1%, падатку на прыбытак - 8,5%. У фарміраванні даходнай часткі бюджэту прымаюць удзел амаль 16 тыс. прадпрыемстваў і арганізацый, каля 29,5 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў і звыш 411,5 тыс. фізічных асоб.-0-