Прадпрыемствы Віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" накіравалі на тэхпераўзбраенне больш Br100 млрд.
24 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадпрыемствы дзяржаўнага аб'яднання "Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" сёлета накіравалі на тэхнічнае пераўзбраенне больш за Br100 млрд, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар канцэрна Віктар Славецкі.
Рэканструяваны цэх вытворчасці суцэльнамалочнай прадукцыі на Пастаўскім малочным заводзе. Уведзены ў строй новыя магутнасці па выпуску сыроў на чатырох прадпрыемствах, у тым ліку абсталяванне прадукцыйнасцю 20 т у суткі на Верхнядзвінскім масласырзаводзе. У ААТ "Малако" пачаў дзейнічаць цэх па вытворчасці казеінату натрыю, а на Віцебскім мясакамбінаце запушчана лінія па забоі буйной рагатай жывёлы магутнасцю 60 галоў у гадзіну.
Дзякуючы тэхнічнаму пераўзбраенню прадпрыемствы змаглі хутка рэагаваць на запыты рынку і абнаўляць асартымент. Так, сёлета асартымент мясной прадукцыі абноўлены на 253 найменні, малочных прадуктаў - на 70 відаў.
Сучаснае аснашчэнне дазволіла ўсім малоцеперапрацоўчым прадпрыемствам і мясакамбінатам сертыфікаваць сістэмы менеджменту якасці ІSО 9001, а таксама на аснове прынцыпаў ХАССП. На Віцебскім мясакамбінаце дзейнічае сістэма менеджменту бяспекі харчовай прадукцыі ІSО 22000. Верхнядзвінскі масласырзавод першым у рэспубліцы атрымаў сертыфікат адпаведнасці сістэме менеджменту якасці LST EN ISO 9001:2008 і бяспекі харчовых прадуктаў LST EN ISO 22000:2005.
У студзені-кастрычніку бягучага года прадпрыемствы канцэрна вырабілі таварнай прадукцыі на Br1,2 трлн, што на 12% больш за аналагічны перыяд мінулага года. Перапрацавана 647 тыс. т малака і 72 тыс. т жывёлы, што адпаведна на 10,2% і 21,7% вышэй за ўзровень мінулага года. У дзяржаўнае аб'яднанне "Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" ўваходзяць 4 мясакамбінаты, 8 малоцеперапрацоўчых прадпрыемстваў.-0-