Прадпрыемствы Віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" у ліпені-жнівень скарацілі складскія запасы на 30%

17 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прадпрыемствы Віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" за ліпень-жнівень скарацілі складскія запасы на 30%, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік генеральнага дырэктара канцэрна Валянціна Вішнеўская. Усяго на 1 верасня з улікам аплачаных кантрактаў аб'ём запасаў гатовай прадукцыі склаў Br80,3 млрд. На нарматыўны ўзровень рэшткаў выйшлі 9 прадпрыемстваў канцэрна. Сярод іх Полацкі і Пастаўскі малочныя заводы, Віцебскі, Глыбоцкі, Міёрскі мясакамбінаты і іншыя прадпрыемствы. Актыўна працуюць над скарачэннем гатовай прадукцыі і іншыя вытворцы. Гэты працэс ускладняецца тым, што ў структуры запасаў малочнай прадукцыі значную долю - 34% (Br25,2 млрд.) - займаюць малочныя кансервы, пастаўка якіх ускладнена ў Расію з-за выбаркі квот. За выключэннем гэтай прадукцыі рэшткі прадпрыемстваў малочнай галіны складаюць Br38 млрд., што ніжэй за ўстаноўлены нарматыў на Br3,1 млрд. "У цяперашні час вытворцы малочнай прадукцыі канцэрна прадалі ўвесь аб'ём жывёльнага масла і казеіну, за мінулы тыдзень рэалізавалі 500 т сухога малака і 171 т малочных кансерваў, 350 т сыроў. Разам з тым у рэштках гатовай прадукцыі значацца яшчэ 1 т саспелых сыроў, каля 3,5 тыс. т малочных прадуктаў і 16,8 тыс. т малочных кансерваў", - распавяла Валянціна Вішнеўская. Для зніжэння складскіх запасаў канцэрнам прыняты і рэалізуецца комплекс мер. Адным з галоўных прыярытэтаў у рабоце стала дыферсіфікацыя рынкаў збыту. У гэтым годзе прадпрыемствы аб'яднання вядуць гандаль з 22 краінамі свету. Упершыню пастаўкі малочнай прадукцыі былі ажыццёўлены ў Латвію, Літву, Кыргызстан, Індыю і Манголію. Напрыклад, адным з апошніх падпісаны кантракт на пастаўку ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку 4 тыс. т малочных кансерваў. На стадыі вырашэння і падпісання цяпер знаходзяцца кантракты з ПАР на 1,5 тыс. т сухога малака, Венесуэлай - на 300 т, Іранам і Францыяй - на 400 т. Вядуцца перамовы з Казахстанам па пастаўцы малочнай прадукцыі і стварэнні супольных прадпрыемстваў па яе вытворчасці. Прапрацоўваюцца магчымасці выхаду з сухім суцэльным і абястлушчаным малаком на рынкі Арменіі, Сірыі, Венесуэлы, Егіпта, Турцыі, ПАР, В'етнама, Ірана. Цеснае ўзаемадзеянне наладжана з пасольствамі, праз якія рассылаюцца ўзоры прадукцыі ў краіны Афрыкі, Азіі, Блізкага Усходу для атэстацыі ў замежных лабараторыях і вывучэння пакупніцкага попыту. Акрамя таго, для павелічэння рэалізацыі сваёй прадукцыі прадпрыемствы "Віцебскмясамалпрама" ўдзельнічаюць у розных выстаўках і кірмашах, арганізуюць дэгустацыі для спажыўцоў. Для большай дасведчанасці прадукцыі віцебскіх вытворцаў распрацавана адзіная гандлёвая марка, маркіроўка якой ужо вядзецца. З мэтай павышэння эфектыўнасці работы на ўнутраным рынку вядзецца рэалізацыя прадукцыі індывідуальным прадпрымальнікам і малым прадпрыемствам. Толькі за верасень (па даных на 17 верасня) ім ужо пастаўлена мясамалочных вырабаў на Br10,9 млрд., што складае 19,3% у агульным аб'ёме рэалізацыі. У склад ДА "Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" ўваходзяць 8 малочных прадпрыемстваў і 4 мясакамбінаты.-0-