Прадпрыемствы Віцебскай вобласці актыўна супрацоўнічаюць з краінамі БРІКС
– Вераніка Віктараўна, чаму нам цікавыя краіны БРІКС?
– Гэта новыя магчымасці па прасоўванні сваёй прадукцыі ў буйныя краіны, якія хутка развіваюцца, такія, як Расія, Бразілія, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, што аб'ядналіся ў эканамічны альянс. Гэта добрая альтэрнатыва страчаным рынкам краін Еўрасаюза, ЗША і Канады, і гэтыя магчымасці мы павінны выкарыстоўваць у поўнай меры.
– Зразумела, у прыярытэце гандаль з Расіяй, але наколькі цікавы кітайскі рынак для нашых вытворцаў?
– Сярод краін БРІКС рынак Кітая найбольш перспектыўны. Сведчаннем таму – рост экспарту ў рэгіёны КНР. У параўнанні з пяццю месяцамі мінулага года пастаўкі ўзраслі ў 1,7 раза. Асаблівым попытам карыстаецца харчаванне і сельскагаспадарчая сыравіна з нашай вобласці. Гаворка ідзе пра мяса птушкі, малочную сыроватку, сухія сняданкі, кандытарскія вырабы, ільняное валакно. Акрамя іншага, у Паднябеснай запатрабаваны вырабленыя ў паўночным рэгіёне прысадкі да змазачных маслаў, вырабы дрэваапрацоўкі, шклавалакно, фітынгі і ільняныя тканіны.
– Калі з Расіяй і Кітаем супрацоўніцтва даўняе, што набірае абароты, то якім чынам выбудоўваюцца адносіны, скажам, з Бразіліяй?
– Санкцыі Еўрасаюза і адмова ад узаемавыгаднага з намі супрацоўніцтва адкрываюць акно магчымасцей для наладжвання сувязяў з дружалюбнымі краінамі. З пасольствам Бразіліі дасягнуты дамоўленасці аб арганізацыі візіту ў Віцебскую вобласць для вывучэння наяўных тэхналагічных рашэнняў і ўзроўню кампетэнцый, якія могуць быць прапанаваны бразільскім кампаніям. Дэлегацыя пасольства азнаёмілася з прадукцыяй, якая выпускаецца таварыствам «Палімерканструкцыя», а таксама зацікавілася тэлескапічнымі пад'ёмнікамі, якія вырабляюцца прадпрыемствам «Вітбудтэхмаш». У ходзе візіту арганізавана наведванне Аршанскага льнокамбіната, дзе бакі абмеркавалі патэнцыйныя магчымасці пашырэння паставак ільняных тканін на бразільскі рынак, у прыватнасці, мужчынскіх кашуль.
– Чым нашы прадпрыемствы могуць зацікавіць індыйскіх спажыўцоў? І якія тавары гэтай азіяцкай краіны цікавыя для нас?
– Штогадовы таваразварот з Індыяй не перавышае 20 млн долараў. Гэта відавочна недастаткова для патэнцыялу нашых рэгіёнаў. Асноўная экспартная прадукцыя – валакно акрылавае завода «Палімір», шклатканіна. Перспектыўныя пастаўкі водаачыснага абсталявання, дзвярэй з масіву сосны і елкі, паркету, ільняных тканін, металаапрацоўчых станкоў, манітораў і спецтэхнікі канструктарскага бюро «Дысплей», кандытарскіх вырабаў «Віцьба». У сваю чаргу індыйскія кампаніі вырабляюць шырокі асартымент вырабаў радыёэлектронікі. У сувязі з гэтым магчыма разгляд пытанняў супрацоўніцтва з прадпрыемствамі «Віцязь», «Маналіт», «Вымяральнік». Асноўная імпартуемая прадукцыя з Індыі: лекавыя сродкі і хімічныя кіслоты, а таксама ніткі, пража, садавіна, арэхі. У нас ёсць магчымасці павялічыць узаемны таваразварот у выпадку стварэння сумесных вытворчасцей і вытворчай кааперацыі. СЭЗ «Віцебск» мае пагадненне з прадстаўніком СЭЗ у Індыі, з дапамогай якога плануе прыцягваць індыйскія інвестыцыі на прамой аснове для вытворчасці пакавальных матэрыялаў, стварэння індыйскай фінансавай кампаніі для крэдытавання праектаў рэзідэнтаў СЭЗ.
– Зыходзячы з таго, што на ўступ у БРІКС выстраілася чарга з 20 краін, патэнцыйныя магчымасці ўзаемавыгадных адносін узрастаюць шматкроць.
– Прадпрыемствы вобласці актывізавалі кантакты з такімі краінамі-кандыдатамі для ўступлення ў БРІКС, як Іран і Егіпет.
З іранскімі кампаніямі вядзецца дыялог па праектах у сферы вытворчасці біяраскладальнай упакоўкі і запуску вытворчасці гарачага цынкавання. З Егіптам абмяркоўваецца магчымасць устанаўлення пабрацімскіх сувязяў з правінцыяй Бухейрам. Дарэчы, у бягучым годзе ў параўнанні з пяццю месяцамі 2022-га таваразварот прадпрыемстваў Віцебскай вобласці з Іранам узрос больш чым у 10 разоў, у тым ліку па экспарце – у 6 разоў. Мы адпраўляем лесаматэрыялы, шклавалакно і вырабы з яго, паляць і валокны акрылавыя. Па імпарце ўвозяцца свежыя агародніна і садавіна, а таксама абсталяванне для прадпрыемстваў.
БРІКС аб'ядноўвае пяць краін – Бразілію, Кітай, Расію, Індыю, Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Падалі заяўку Іран, Алжыр. Сярод прэтэндэнтаў – Егіпет, ААЭ, Турцыя, Саудаўская Аравія, Мексіка, Інданезія, усяго больш за 20 краін.