Прадпрыемствы Віцебскай вобласці будуць аказваць матэрыяльную дапамогу сваім работнікам пры нараджэнні дзяцей

25 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Прадпрыемствам Віцебскай вобласці неабходна аказваць матэрыяльную дапамогу сваім работнікам пры нараджэнні дзяцей. Такі наказ кіраўнікам даў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на пасяджэнні аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Кожнае прадпрыемства ў стане купіць каляску і пялюшкі і падарыць іх бацькам нованароджанага", - лічыць губернатар. Акрамя таго, за кошт прадпрыемстваў неабходна аказваць матэрыяльную дапамогу маладым мамам, пакуль яны знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Гэтыя палажэнні павінны быць замацаваны ў калектыўных дагаворах. Старшыня аблвыканкама таксама даручыў упраўленню фінансаў аблвыканкама разгледзець магчымасць аказання аднаразовай матэрыяльнай дапамогі маладым бацькам пры нараджэнні дзяцей за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Першымі ў вобласці матэрыяльна падтрымліваць сем'і з нованароджанымі стаў Наваполацкі гарвыканкам. З 1 студзеня бягучага года кожная сям'я, у якой нарадзілася дзіця, дадаткова да дзяржаўных дапамог атрымлівае Br100 тыс. У цяперашні час у Беларусі штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў складае Br255 тыс. 220, старэйшыя за тры гады - Br76 тыс. 570. Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці - Br1 млн. 276 тыс. 100, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей беларускія сем'і атрымліваюць Br1 млн. 786 тыс. 540. Аднаразовая дапамога жанчыне, якая стала на ўлік у дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, пры нараджэнні першага і другога дзіцяці складае Br255 тыс. 220.-0-