Прадпрыемствы Віцебскай вобласці на Форуме рэгіёнаў плануюць падпісаць экспартныя кантракты на Br55 млн
"Праграма форуму прадугледжвае таксама правядзенне кірмашу-продажу беларускай прадукцыі, на якім свае вырабы ў шырокім асартыменце прадставяць такія вытворцы Віцебскага рэгіёну, як Верхнядзвінскі масласырзавод, Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат, Аршанскі мясакансервавы камбінат і кандытарская фабрыка "Віцьба". Гэта вядомыя сярод расіян брэнды, іх прадукцыя карыстаецца высокім попытам. Ацаніць і купіць яе змогуць непасрэдныя наведвальнікі выставы. Таксама, паводле папярэдняй інфармацыі, у рамках падрыхтоўкі і правядзення форуму прадпрыемствы-экспарцёры вобласці плануюць заключыць дагаворы на пастаўку нашай прадукцыі ў расійскія рэгіёны на суму 1,7 млрд расійскіх рублёў", - адзначылі ў камітэце.
Інавацыйная прадукцыя прамысловых прадпрыемстваў рэгіёну будзе прадстаўлена ў тэматычнай беларускай экспазіцыі. Сярод удзельнікаў дзелавой часткі форуму чакаюцца кіраўнікі найбуйнейшых кампаній рэгіёну - СААА "Кіруючая кампанія холдынгу "Беларуская кажаўнева-абутковая кампанія "Марка", СААА "Белвест", ААТ "Полацк-Шкловалакно", а таксама адміністрацыі СЭЗ "Віцебск" і іншыя ўдзельнікі. Дэлегацыю Віцебскай вобласці ўзначаліць старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, таксама ў яе складзе будзе старшыня аблсавета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
На форуме плануецца падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж Віцебскім аблвыканкамам і ўрадамі Саратаўскай вобласці, Стаўрапольскага краю. Чакаецца, што кіраўнікі Віцебска і Глыбоцкага раёна падпішуць пагадненні аб супрацоўніцтве з рэгіёнамі-партнёрамі з Расіі. З мэтай правядзення перамоваў на тэму развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва на форум прыедуць кіраўнікі Полацкага раённага і Наваполацкага гарадскога выканкамаў.
Тэма Форуму рэгіёнаў у гэтым годзе -"Вектары інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства". Асноўныя пытанні ўдзельнікі абмяркуюць у рамках пленарнага пасяджэння і тэматычных секцый, дзе запланавана выступленне ўдзельнікаў Віцебскай вобласці.
Арганізатарамі IV Форуму рэгіёнаў выступаюць Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Арганізатарамі спецыялізаванай выставы падчас форуму з'яўляюцца Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі і Беларуская гандлёва-прамысловая палата.
Кацярына Князева - БелТА.