Прадпрыемствы Віцебскай вобласці слаба працуюць з дыппрадстаўніцтвамі Беларусі - А.Косінец

24 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадпрыемствы Віцебскай вобласці слаба рэагуюць на прапановы дыппрадстаўніцтваў Беларусі па паляпшэнні якасці сваёй прадукцыі, канстатаваў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Губернатар падвергнуў крытыцы завод "Палімір", прадпрыемства "Віцязь", Глыбоцкі малочна-кансервавы завод, Аршанскі льнокамбінат. Гэтыя суб'екты гаспадарання атрымлівалі рэкламацыі на сваю прадукцыю ад замежных партнёраў і не рэагавалі на дзелавыя прапановы дыпламатаў. Аднак гэтая праблема тычыцца і многіх іншых прадпрыемстваў рэгіёна. "Прадпрыемствы не вядуць сістэмную працу з замежнымі прадстаўніцтвамі Беларусі па паляпшэнні якасці сваёй прадукцыі і прасоўванні яе на новыя рынкі", - сказаў Аляксандр Косінец. Старшыня аблвыканкама адзначыў, што ўласную тавараправодзячую сетку за мяжой маюць толькі 11 арганізацый. Далейшым развіццём займаюцца толькі Віцебскі мясакамбінат, Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат, акцыянернае таварыства "Малако". Аднак нават гэтыя сеткі ў большасці сваёй працуюць у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Смаленску і Казахстане. Большасць прадпрыемстваў залежныя ад дылераў. Крайне нізкімі назваў Аляксандр Косінец тэмпы работ камунальных прадпрыемстваў па асваенні новых рынкаў збыту. Адсутнічае рост экспарту ў краіны далёкага замежжа, тэмпы росту паставак у краіны СНД ніжэйшыя за леташнія. Віцебская вобласць ажыццяўляе знешнеэканамічную дзейнасць са 103 дзяржавамі свету. З 11 краін СНД станоўчае сальда знешнегандлёвага абароту маецца з 8 дзяржавамі, а з 92 дзяржаў далёкага замежжа станоўчае сальда толькі з 15. Па дадзеных камітэта эканомікі, у студзені-маі бягучага года вобласць скараціла экспарт тавараў на 35,5%. Пры гэтым сальда знешнегандлёвага абароту станоўчае ў памеры $25,9 млн. -0-