Прадпрыемствы Віцебскай вобласці ў I паўгоддзі рэалізавалі 18 праектаў па зніжэнні шкодных выкідаў у атмасферу

20 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадпрыемствы Віцебскай вобласці ў першым паўгоддзі бягучага года рэалізавалі 18 праектаў па зніжэнні выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст апарата ўпраўлення Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Ясюліна. У выніку праведзеных работ шкодныя выкіды магчыма будзе скараціць на 131,7 т. Сярод найбольш буйных праектаў, якія ў цяперашні час рэалізуюць прадпрыемствы рэгіёну, Таццяна Ясюліна назвала будаўніцтва электрафільтра на печах абпалу на ААТ "Завод керамзітавага жвіру г.Навалукомль". Акцыянерным таварыствам ужо асвоена Br2,4 млрд., выканана дзве траціны работ. Працягваецца ўстаноўка пылеачысных фільтраў на ААТ "Віцебскдрэў", замена пнеўматранспарту даламітавай мукі на механічны ў адным з цэхаў ААТ "Даламіт". Між тым Таццяна Ясюліна нагадала, што ў адпаведнасці з новымі дакументамі, якія ўступілі ў сілу, прыродакарыстальнікі абавязаны прадставіць праект нарматываў дапушчальных выкідаў. Аднак толькі 5% прыродакарыстальнікаў вобласці распрацавалі неабходныя праекты.-0-