Прадпрыемствам малочнай галіны Віцебскай вобласці неабходна адзіная стратэгія
Прадпрыемствам малочнай галіны Віцебскай вобласці неабходна адзіная стратэгія развіцця. Такое меркаванне выказаў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў па выніках наведвання Полацкага малочнага камбіната.

Па словах Мікалая Шарснёва, праблема на малочных заводах ва ўсіх аднолькавая - перавытворчасць прадукцыі. Раней 50% яе аб'ёму сыходзіла на экспарт. Цяпер з улікам абставін вытворцам неабходна шукаць новыя рынкі збыту, каб была стабільная рэалізацыя прадукцыі, што, у сваю чаргу, будзе гарантаваць стабільнае паступленне выручкі і планаванне працы. "Апошнім часам мы забыліся, калі ў нас планамерна прадавалася прадукцыя і паступала выручка. Гэта парушае ўвесь тэхналагічны працэс. Таму каб кожны кіраўнік не прыдумляў нешта асобнае, неабходна адзіная стратэгія развіцця. Трэба паглядзець і аператыўна прыняць рашэнне па гэтым пытанні", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас наведвання камбіната.
На яго думку, кіраўнікам прадпрыемстваў варта сумесна прааналізаваць рынак, паглядзець, якое неабходна абсталяванне з перспектывай вытворчасці запатрабаваных на рынку ў бліжэйшы час відаў тавараў, прапрацаваць пытанне падзелу спецыялізацыі. "У межах аднаго канцэрна гэта магчыма ажыццявіць, галоўнае - каб працавала эканоміка і тавар быў канкурэнтаздольным", - адзначыў кіраўнік рэгіёну.
Мікалай Шарснёў звярнуў увагу, што ўсе малочныя камбінаты будаваліся ў адзін час з мэтай забеспячэння прадукцыяй насельніцтва па тэрытарыяльным прынцыпе. Далей кожны з іх удасканальваўся ў залежнасці ад попыту. Полацкі малочны камбінат, напрыклад, сёння выпускае каля 70 найменняў прадукцыі - усё, што запатрабавана спажыўцом, займае годнае месца ў шэрагу вытворцаў малочнай прадукцыі Віцебскай вобласці. "У цэлым уся малочная перапрацоўка рэгіёну сёння сучасная, адпавядае патрабаванням еўрапейскіх і расійскіх ветэрынарных і санітарных службаў", - рэзюмаваў старшыня аблвыканкама.
Вольга Багачова, фота Аляксандра Хітрова, БЕЛТА.