Прадпрыемствам ЖКГ Беларусі неабходна больш актыўна ўкараняць энергазберагальныя тэхналогіі - С.Сушко

10 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі неабходна больш актыўна ўкараняць сучасныя высокаэфектыўныя энергазберагальныя тэхналогіі і прыцягваць для гэтых мэт замежныя інвестыцыі. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Сушко, які прымае ўдзел у VII Міжнароднай выстаўцы-канферэнцыі "Энергарэсурсазберагальныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы" у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Такія праекты ўжо рэалізуюцца ў сістэме ЖКГ Беларусі ў сферы малой цеплаэнергетыкі, падкрэсліў Сяргей Сушко. "У прыватнасці, дзейнічаюць каля 3 тыс. кацельняў, за кошт якіх забяспечваецца цяплом насельніцтва ў малых гарадах і буйных сельскіх населеных пунктах. Акрамя таго, у раённых цэнтрах з гэтай мэтай плануецца пабудаваць 10-15 міні-ЦЭЦ па сучасных тэхналогіях, ужо прапрацоўваецца пытанне фінансавання гэтага праекта за кошт крэдытных ліній Фінляндыі", - паведаміў ён. За апошні час у сістэме ЖКГ выкананы вялікі аб'ём работ па энергазберажэнні. Разам з тым многае яшчэ трэба зрабіць і рэзервы для гэтага неабходна шукаць усюды, а не толькі на цеплакрыніцах, лічыць намеснік міністра. Напрыклад, высокую эфектыўнасць дае перакладка сетак па транспарціроўцы цепларэсурсаў. У 2009 годзе ў Беларусі прадпрыемствы ЖКГ замянілі 722 км сетак, што склала 104,6% да ўзроўню 2008 года пры заданні 104%. "Такія тэмпы мы будзем вытрымліваць бліжэйшыя тры гады, каб замяніць усе сеткі, якія знаходзяцца ў нездавальняючым стане. Акрамя таго, для зніжэння энергаспажывання за гэты ж перыяд у сістэме воданапорна-каналізацыйнай і цеплавой гаспадаркі трэба замяніць каля 9 тыс. адзінак помпавага абсталявання", - паведаміў намеснік міністра. Сяргей Сушко таксама дадаў, што ў 2010 годзе інвестыцыі на энергазберагальныя мерапрыемствы ў сістэме ЖКГ складуць Br700 млрд. У бягучым годзе перад камунальнікамі пастаўлена задача зэканоміць 285 тыс. т.у.т.-0-