Падрыхтоўчая перадпраектная праца па стварэнні квартала Марка Шагала ў Віцебску завершана

19 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Перадпраектная падрыхтоўка да стварэння ў Віцебску квартала Марка Шагала завершана, расказаў карэспандэнту БЕЛТА заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін. Увагу вядомага архітэктара і яго творчай групы прыцягнула гістарычная частка Віцебска - вуліца Пакроўская і прылеглыя да яе мясціны. Гэта месца знакаміта тым, што тут нарадзіўся Марк Шагал, а ў захаваным да нашых дзён бацькоўскім доме мастака створаны музей. Паводле задумы Леаніда Левіна, гэтая частка горада агульнай плошчай 50 га павінна нагадваць пра жыццё і творчасць вялікага майстра, развіваць ідэі авангарднага мастацтва і стаць турыстычнай "ізюмінкай" радзімы Шагала. "Увесь свет зарабляе грошы на імені Шагала, акрамя Віцебска", - з горыччу канстатаваў суразмоўца. Архітэктар прапануе тры чаргі рэалізацыі праекта. На першай стадыі прадугледжана аднаўленне вуліцы Пакроўскай у духу пачатку ХХ стагоддзя. Побач з домам-музеем Шагала з'явяцца сувенірныя лаўкі, невялікая гасцініца. Пасля рэалізацыі другой і трэцяй чаргі ў квартале павінны працаваць крамы, кафэ, цэнтр сучаснага мастацтва з выставачнай залай і мастацкай школай. Паводле папярэдніх разлікаў, агульны кошт праекта складзе каля $200 млн. Праект прадстаўлены на міжнародным інвестыцыйным форуме "Інвестыцыйныя ініцыятывы Віцебскай вобласці". Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас азнаямлення з гэтай прапановай выказаў зацікаўленасць у яго хутчэйшай рэалізацыі.-0-