Старшыня АБФФ станоўча ацэньвае выступ беларускіх клубаў у плэй-оф Лігі Еўропы
20 жніўня, Віцебск /Сяргей Качавет – БЕЛТА/. Старшыня асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Генадзь Нявыглас станоўча ацэньвае выступ беларускіх клубаў у першых матчах плэй-оф Лігі Еўропы, якія прайшлі 19 жніўня. Сваімі ўражаннямі ад гульні каманд ён падзяліўся з журналістамі падчас міжнароднага турніру па пляжным футболе, які адкрыўся сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Генадзя Нявыгласа, ужо па ходзе першага тайма ў Барысаве, дзе "БАТЭ" прымаў партугальскі клуб "Марытыма", не ўзнікала сумневаў у станоўчым выніку для беларускай каманды. Сапернік барысаўцаў нічым асаблівым не здзівіў, а чэмпіён Беларусі бліскуча выканаў сваю задачу, забіўшы тры мячы ў адказ.
Хоць кіраўніку федэрацыі не ўдалося паглядзець першы тайм матча "Бруге" (Бельгія) - "Дынама" (Мінск), ён упэўнены, што ў сталічнага клуба ёсць шансы выйсці ў групавы этап Лігі Еўропы. Што тычыцца разгромнага паражэння магілёўскага "Дняпра" ад масцітага іспанскага "Вільярэала" з лікам 0:5, то кіраўнік АБФФ лічыць сам выхад магіляўцаў у плэй-оф Лігі Еўропы ужо вялікім дасягненнем для каманды. "Я ўпэўнены, што "Дняпро" ў родных сценах выступіць годна ў матчы ў адказ, на які, дарэчы, ужо ўсе квіткі прададзены", - дадаў Генадзь Нявыглас.
На яго думку, выступленне беларускіх футбалістаў на міжнароднай арэне можна ацэньваць як вялікі поспех айчыннага футбола. "У Беларусі пачала стварацца сучасная інфраструктура развіцця гэтага спорту, апошнія некалькі гадоў нашы дзеці і спартсмены гуляюць на прафесійных пляцоўках і гэта дае вынік", - лічыць Генадзь Нявыглас. У краіне за апошні час адкрыта 76 палёў для міні-футбола з штучным пакрыццём, а ўсяго іх будзе 78. Такія пляцоўкі ўзводзяцца па праграме УЕФА, а ў Беларусі фінансаванне будаўніцтва акрамя сродкаў еўрапейскай федэрацыі футбола ўзялі на сябе АБФФ і мясцовыя ўлады. Гэта добры вынік для Беларусі, дзе мэтанакіравана праводзіцца курс на аздараўленне нацыі і ўсебаковае развіццё фізічнай культуры і спорту, дадаў кіраўнік федэрацыі.-0-