Старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька напярэдадні Дня Перамогі наведаў Сенненскі раён
Ён сустрэўся з кіраўніцтвам райвыканкама, усклаў кветкі на Алеі Славы і ў парку Трох Герояў, сустрэўся з стрыечнай сястрой Нінай Азерскай і пасадзіў разам з ёй рабіну ля нядаўна адкрытага мемарыяльнага комплексу «Боль», які знаходзіцца недалёка ад Папоўкі – роднай вёскі Генадзя Давыдзькі. Тут падчас акупацыі фашысты расстралялі больш за тысячу сенненскіх яўрэяў.
У гутарцы з журналістамі кіраўнік «Белай Русі» адзначыў, што на сустрэчы ў райвыканкаме абмеркаваны шырокі спектр пытанняў з жыцця Сенненшчыны: ад эпідэміялагічнай сітуацыі да сацыяльна-эканамічнага становішча. Генадзь Давыдзька паведаміў, што зараз яго арганізацыя рэалізуе праект пад умоўнай назвай «Партрэт рэгіёна на фоне часу», які закліканы вывучыць і абазначыць праблемы, што хвалююць людзей. Віцебскую абласную арганізацыю РГА «Белая Русь» ён назваў адной з лепшых. Для выключэння фармалізму ў структурах многае залежыць ад выканаўчай улады і актыўнасці членаў, узрастае роля кіраўніка пярвічкі. Дзейнасць «Белай Русі» ў першую чаргу накіравана на тое, каб вырашаць актуальныя для людзей пытанні, рэалізоўваць іх мары і таленты.
Закранаючы тэму малой радзімы, Генадзь Давыдзька сказаў, што кожны раз, перасякаючы мяжу Віцебшчыны, дыхае па-іншаму. Ён часта ўспамінае, як у юнацтве збіраў камяні на палях, рыбачыў і купаўся на возеры Кулікоўскім. Тады Сянно было ўтульным і патрыярхальным. Такім застаецца і зараз, толькі набыў еўрапейскія рысы. З'язджаць з горада не хочацца.