Старшыня Бешанковіцкага райвыканкама Галіна Унуковіч: «Няма магчымасці не палюбіць раён, дзе працуеш»

Председатель Бешенковичского райисполкома Галина Унукович: «Невозможно не влюбиться в район, где работаешь»
Нават у наш сучасны час прадстаўніцы прыгожага полу не так часта становяцца кіраўніцамі. Выключэнне — Галіна Унуковіч. Гэта адзіная ў Віцебскай вобласці жанчына — кіраўніца раёна. Пад яе чулым кіраўніцтвам крыху больш за паўгода знаходзіцца Бешанковіччына.

Даведка: Галіна Унуковіч нарадзілася ў 1976 годзе ў вёсцы Шыбекі Аршанскага раёна. Выпускніца Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава (педагогіка і методыка пачатковага навучання; гісторыя), Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (дзяржаўнае і мясцовае кіраванне). Працоўную дзейнасць пачала ў Чашніцкім раёне, дзе працавала на розных пасадах у сістэме адукацыі. З 2010 года займала пасаду намесніка старшыні Глыбоцкага райвыканкама, з 2014-га – была старшынёй Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў. За гэты час шмат што зрабіла для развіцця глыбоцкага краю. Вялікі штуршок у развіцці атрымалі адукацыя, ахова здароўя, сацыяльная праца, добраўпарадкаванне райцэнтра, сельскіх населеных пунктаў.

– Галіна Уладзіміраўна, якімі былі першыя ўражанні ад раёна?

– Так склалася, што я паспела папрацаваць у розных кутках Віцебшчыны. Кожны з іх унікальны, мае свае традыцыі, менталітэт, хоць, здавалася б, жывём у адной вобласці.

Безумоўна, дарагое месца, дзе нарадзіўся. Але немагчыма не ўлюбіцца ў раён, дзе працуеш. Так, за 10 гадоў асаблівыя адносіны склаліся з Глыбоцкім раёнам. Ужо сем месяцаў працую на Бешанковіччыне, якая паступова таксама становіцца мне роднай. Адзначу, тут жывуць людзі, якія шчыра любяць свой край і гатовыя працаваць на яго дабро.

– Як вы ацэньваеце вытворчы патэнцыял раёна?

– Ёсць прадпрыемствы, якія занялі дастаткова трывалыя пазіцыі. Так, з невялікай фармацэўтычнай вытворчасці ў буйную кампанію з міжнародным навукова-вытворчым комплексам вырасла СТАА «Націўіта». НВА «Белкатламаш» мае больш чым 30-гадовую гісторыю развіцця ў сферы энергетыкі. Яно выпускае сучаснае эфектыўнае кацельнае абсталяванне, якое адпавядае еўрапейскім стандартам. Дадзеная прадукцыя запатрабавана як на беларускім, так і замежным рынках. На тэрыторыі раёна таксама размешчаны вытворчы ўчастак СТАА «Белвест», якое плануе пашыраць вытворчасць. Паспяхова рэалізавала бізнес-план інвестыцыйнага праекта ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» у вёсцы Сакарова – «Рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў пад свінагадоўчы комплекс на 5000 галоў». У раёне функцыянуюць невялікія прадпрыемствы, якія займаюцца дрэваапрацоўкай.

Значным з'яўляецца ўклад малога і сярэдняга бізнесу, які забяспечвае трэць інвестыцый у асноўны капітал, практычна 100 % экспарту тавараў і паслуг і больш за 50 % падатковых паступленняў у бюджэт.

– Калі казаць пра інвестыцыі больш падрабязна: куды прыцягваюцца грашовыя сродкі?

– Гэта мадэрнізацыя лесапільнай вытворчасці ДЛГУ «Бешанковіцкі лясгас», правядзенне валаконна-аптычных ліній сувязі, станцый ачысткі ад жалеза, узвядзенне жылля, тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемстваў.

За студзень-жнівень было выкарыстана 15,4 млн рублёў, што склала 109,4 % да ўзроўню 2019 года.

– Сёння ў раёне, як і ў цэлым па краіне, па-ранейшаму робіцца стаўка на развіццё сельскай гаспадаркі. Як спрацавалі аграрыі ў гэтым годзе?

– У бягучым годзе валавы збор збожжавых і зерневых бабовых культур склаў 41,8 тыс. тон (гэта 133 % да 2019 года) пры ўраджайнасці 32,5 ц/га. Было нарыхтавана 4,6 тыс. тон сена (102,3 %), 52,1 тыс. тон сенажу (98,9 %), 22 тыс. тон сіласу (114,9 %). Для грамадскага пагалоўя нарыхтавана травяных кармоў у пераліку на кармавыя адзінкі 23,3 тыс. тон (103,5 % да ўзроўню 2019-га). Аграрыі раёна ў гэтым годзе лепш справіліся з пастаўленай задачай, чым у папярэднім. Але яшчэ ёсць над чым працаваць. Кармы неабходна нарыхтоўваць на паўтара года, тады будуць годныя вынікі і ў прывагах, і ў удоях.

Аграпрамысловы комплекс раёна прадстаўлены шасцю сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Стабільна працуе УП «Вядзярава». Яго ўзначальвае Васіль Бярозка – пісьменны кіраўнік, гаспадар на сваёй зямлі. Годныя вынікі ў СУП «Свіціна-ВМК» і ГП «ПалітаддзелецАгра». Ёсць патэнцыял у ЗАТ «АСБ-АграНаватар».

– Тры апошнія гады прысвечаны малой радзіме, у сувязі з гэтым пытанням добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі надаецца асаблівая ўвага. Якія робяцца крокі ў гэтым напрамку?

– Зрабіць жыццё кожнага больш камфортным – адна з найважнейшых задач мясцовай улады. Зусім нядаўна жыхары мікрараёна вул. Маладзёжнай у Бешанковічах атрымалі сапраўдны падарунак. Участак дарогі, які працяглы час знаходзіўся, прама скажам, у дрэнным стане і прыносіў масу нязручнасцей як аўтамабілістам, так і пешаходам, нарэшце адрамантаваны. Крыху раней тут з'явіліся тратуарныя дарожкі. Але гэта не разавая акцыя – гэтая праца ў рэгіёне будзе працягнута.

На тэрыторыях населеных пунктаў праводзяцца суботнікі, месячнікі па добраўпарадкаванні. Важна, каб і самі людзі пазабавіліся пра родны край. Зрабілі ўсё магчымае, каб вуліцы сталі не проста чыстымі, а дагледжанымі. Калі кожны жыхар унясе свой невялікі ўклад у агульную справу, упэўнена, што рэгіён заззяе новымі фарбамі, а нам не будзе сорамна ні перад нашчадкамі, ні перад гасцямі за сваю вёску, пасёлак.

– Дзеці – гэта наша будучыня, таму важна стварыць умовы для паспяховага ажыццяўлення адукацыйнага працэсу. Што ўдалося зрабіць па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы школ, дзіцячых садоў і іншых устаноў?

– За тры апошнія гады на рамонт устаноў адукацыі было выдаткавана звыш аднаго мільёна рублёў. На суму 95 тыс. рублёў набыты электронныя сродкі навучання, 30 ЖК-панэляў, тры камп'ютарныя класы, тры мультыборды, два класы хіміі. Для арганізацыі бяспечнага падвозу навучэнцаў былі набыты тры школьныя аўтобусы агульным коштам 340 тыс. рублёў.

У межах рэалізацыі праекта «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь» вядуцца работы па капітальным рамонце Астроўскай дзіцячага сада-сярэдняй школы. Грашовыя сродкі ў суме 375 тысяч рублёў выдзелены Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця.

Сёння выраблена праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт даху раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Каштарысны кошт работ – 250 тыс. рублёў.

– Яшчэ адна важная сфера, без якой немагчыма ўявіць наша жыццё, – культура. Ці ёсць у Бешанковіцкага раёна свой культурны брэнд?

– Пакуль няма, але работа вядзецца. Бо Бешанковіцкі раён мае багатую культурную спадчыну. У Астроўна нарадзіўся дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, дыпламат, палітычны мысліцель, мецэнат Леў Сапега. Тут жа ў пачатку ХХ стагоддзя з'явіўся на свет хармайстар, музычны педагог і выканаўца Рыгор Сандлер. Радзімай мастака і жывапісца Івана Хруцкага было мястэчка Ула. З Хоціна пачаўся шлях ваеннага дзеяча генерал-маёра Льва Даватара.

Варта адзначыць, што ўжо традыцыйнымі і пазнавальнымі ў мясцовага насельніцтва і нашых гасцей сталі фестываль духоўнай творчасці і культуры «Жнівеньскія Спасы», які праходзіць у Бачэйкаве, раённае свята «Троіцкі фестываль» у Астроўна.

Штогод праводзіцца работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры. У цяперашні час вядзецца рэканструкцыя дзіцячай школы мастацтваў.

– Якія мерапрыемствы па развіцці раёна будуць рэалізаваны ў бліжэйшы час?

– Асаблівая ўвага будзе нададзена стварэнню новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў і малых прадпрыемстваў, паляпшэнню інфраструктуры населеных пунктаў. У прыватнасці, плануецца рамонт сярэдніх школ № 1 і 2 райцэнтра. Таксама намечаны далейшае ўдасканаленне транспартных зносін у сувязі з ростам грузавых і пасажырскіх перавозак, рэканструкцыя электрычных сетак у аграгарадках Ула і Астроўна (сёлета 10 кВ ліній было абноўлена ад Мохінева да Целяпнёў), будаўніцтва падводзячых газаправодаў у аграгарадках Дразды і Вярхоўе, павышэнне ўзроўню тэлефанізацыі насельніцтва (ужо адноўлены вузлы доступу ў аграгарадках Двор Нізгалоў, Будзілава, Астроўна, Бачэйкава, Сакарова, пабудаваны новыя ў вёсках Гародна, Вядзерава, Крупеніна). Акрамя гэтага, цяпер вядуцца мадэрнізацыя і развіццё сістэмы камунальнай гаспадаркі. Выкананы работы па будаўніцтве станцый абезжалезвання вады ў аграгарадках Дразды, Свяча і вёсцы Двурэчча, плануецца ўзвядзенне новых — у аграгарадках Сініцы, Будзілава, Ржаўка і Вярхоўе.

Варта адзначыць, што для ўстойлівага развіцця раёна важныя моцныя міжнародныя адносіны. Ужо зроблены першыя крокі ў гэтым напрамку, і гэтая праца будзе працягнута, каб супрацоўніцтва з іншымі краінамі стала больш шырокім.

– І апошняе пытанне: кіраўніком заўсёды быць няпроста, асабліва жанчыне. Адкуль вы чэрпаеце сілы?

– Дапамагае падтрымка калег, родных, блізкіх, перш за ўсё бацькоў і дачкі. І, вядома, вера. Вера, з якой мы кожны раз пераступаем новы ру_беж. Вера і любоў робяць дарогу шчаслівейшай, натхненне – вышэйшым, а сілы – мацнейшымі.

"Віцебскія весці".