Старшыня Гарадоцкага райвыканкама Пётр Корабач: «Будучыня — за вёскай»

Председатель Городокского райисполкома Петр Коробач: «Будущее — за селом»

Прыкладна тры месяцы прайшло з моманту прызначэння на пасаду старшыні Гарадоцкага райвыканкама Пятра Каробача. Ён ужо паспеў пазнаёміцца з раёнам і гатовы расказаць чытачам «Віцебскіх вестак» пра перспектывы яго развіцця.

— Гарадоччына — адзін з самых вялікіх раёнаў краіны, больш за палову яго тэрыторыі займаюць лясы. Тут неапісальная прыгажосць, шмат азёр і рэк, а таксама багатая гістарычная спадчына. Наяўная інфраструктура ў райцэнтры і на вёсцы — сярод лепшых у краіне: сучасныя аб'екты сацыяльнай сферы, гандлю, грамадскага харчавання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у годным стане дарогі. Большасць работ па рэканструкцыі і мадэрнізацыі праведзены ў рамках падрыхтоўкі да абласных «Дажынак-2014». Людзі ў асноўным заняты сельскай гаспадаркай, а прамысловых прадпрыемстваў не так шмат: ААТ «Птушкафабрыка «Гарадок», прадукцыя якога вядомая па ўсёй рэспубліцы і за мяжой, СААТ «Ланатэкс», РКП «Цэнтр утылізацыі авіяцыйных сродкаў паражэння», КУВП «Прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак».

— Маляўнічыя мясціны і добрая інфраструктура — стымул для развіцця турызму, ці не так?

— Вы маеце рацыю. Наш рэгіён прывабны для аматараў палявання і рыбалкі, таму галіна турызму і адпачынку з'яўляецца адным з перспектыўных напрамкаў. Асобная тэма — спартыўны турызм. Пасля з'яўлення на Гарадоччыне сучаснай лыжаролернай трасы на вучэбна-трэніровачныя зборы сюды з'язджаюцца беларускія і расійскія спартсмены. Расклад складзены на год наперад і не дазваляе прыняць усіх жадаючых. 100-працэнтная напоўненасць і ў нашай гасцініцы. Але патэнцыял яшчэ далёка не вычарпаны: будуем басейн, у далейшых планах узвядзенне двухпавярховага комплексу з трэнажорамі, у тым ліку спецыяльнымі для лыжнікаў, стралковага ціра. Усё гэта зробіць паўночны край яшчэ больш прывабным для прадстаўнікоў спорту. Таксама будзе пашырацца сетка аграэкасядзіб і спектр паслуг, што аказваюцца імі, з'явяцца паляўнічая гаспадарка, дзе можна будзе папаляваць на аленяў, і сайты з падрабязнай інфармацыяй аб рэгіёне і яго прыгажосцях.

— Ці захавае Гарадоччына статус аграрнага раёна?

— Упэўнены, што наша будучыня так ці інакш звязана з зямлёй. У сельскай гаспадарцы будзем укладваць грошы ў мадэрнізацыю, паляпшаць севазварот і г. д. На жаль, пакуль вынікі не цешаць, ураджайнасць у бягучым годзе склала 22,6 ц/га. Агульнавядома, што нашы землі не такія добрыя, як у іншых раёнах, іх сярэдняя бальнасць менш за дваццаць, але навукоўцы дапамогуць нам разабрацца, што выгадна сеяць, за кошт чаго павысіць прадукцыйнасць працы і знізіць сабекошт, павялічыць ураджайнасць у 1,5-2 разы. Думаю, асноўны акцэнт будзе зроблены на жывёлагадоўлі, тэхнічным пераўзбраенні і укрупненні гаспадарак. Флагманамі стануць «Детскосельский-Гарадок», «Северный» і «Птушкафабрыка «Гарадок». Што тычыцца стратных цяпер прадпрыемстваў, такіх, як райаграпрамсэрвіс і ільнозавод, то іх лёс пакуль знаходзіцца на стадыі вырашэння. Таксама ў планах развіццё турызму.

— Ці ёсць перадумовы для з'яўлення буйнога бізнесу на Гарадоччыне?

— Патэнцыял раёна для ўкладання інвестыцый вялікі і ў поўнай меры не рэалізаваны. Гэта разумнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, такіх як драўніна, жвір, сапрапель, артэзіянская вада, а таксама развіццё лагістычнай дзейнасці, улічваючы выгаднае размяшчэнне раёна побач з Расіяй. Сёння мы робім упор на малы бізнес, бо прадпрымальнікі пры належнай падтрымцы здольныя ўнесці значны ўклад у развіццё эканомікі раёна.

— Дзякуй за гутарку.

Алег Шведаў, «Віцебскія весці». Фота аўтара.