Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў прыняў удзел у зімовых стартах энергетыкаў
Як растлумачыў намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце РУП «Віцебскэнерга» Уладзімір Дзіклоў, карпаратыўныя спартакіяды праводзяцца ўжо не адно дзесяцігоддзе. Раней базай быў спартыўны комплекс Лукомльскай ГРЭС, а з нядаўняга часу сталі задзейнічаць аздараўленчы лагер «Энергетык» у Малых Летцах. Менавіта тут, у сасновым лесе на беразе возера Шэвіна, сабраліся на гэты раз прадстаўнікі 17 падраздзяленняў РУП «Віцебскэнерга».
– Сёлетнія старты мы прысвяцілі важнай палітычнай падзеі – рэферэндуму, на які будзе вынесены праект абноўленай Канстытуцыі Беларусі. Прадстаўнікі працоўных калектываў з розных рэгіёнаў Віцебшчыны не толькі спаборнічаюць, але і ў неафіцыйнай абстаноўцы абменьваюцца думкамі наконт змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон краіны, – растлумачыў Уладзімір Дзіклоў.
Наступны год – юбілейны для энергетыкаў, якія адзначаюць 60-годдзе Віцебскай энергасістэмы. Студзеньская спартакіяда дала старт чараду святочных мерапрыемстваў. У планах і традыцыйныя летнія спаборніцтвы, якія пройдуць на базе Лукомльскай ГРЭС, дзе вядзецца вялікая праца па абнаўленні лагера «Юнацтва». У прыватнасці, плануецца стварыць штучнае спартыўнае поле для дзяцей.
Зімовыя старты энергетыкаў наведаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, які адзначыў, што заўсёды з задавальненнем бывае на спартыўных спаборніцтвах.
– Тут збіраюцца людзі, якія любяць спорт, вядуць актыўны лад жыцця, атрымліваюць добры зарад бадзёрасці. Работнікі энергетычнай службы – людзі, гатовыя ў любую хвіліну да ліквідацыі складаных аварыйных сітуацый, ліквідацыі наступстваў стыхій. Гэта патрабуе ад іх пастаянна знаходзіцца ў добрай фізічнай форме, падтрымліваць яе дапамагаюць такія мерапрыемствы. Спартыўныя базы энергетыкаў з году ў год пераўтвараюцца, для работнікаў ствараюцца ўсе ўмовы для заняткаў спортам і адпачынкам, – падкрэсліў кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці.
У праграму спаборніцтваў уваходзілі гульні ў шашкі і шахматы, дартс, стральба, сілавыя практыкаванні, лыжныя гонкі і зімовая рыбалка. Лідары вызначаліся ў кожным відзе спорту, а па агульнай колькасці ачкоў пераможцам стала каманда філіяла «Энергазбыт». Але ў прайграўшых не застаўся ніхто.