Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірцеранцьеў сустрэўся са старшакласнікамі Ушацкай сярэдняй школы
Перад сустрэчай рабяты зладзілі невялікую прэзентацыю сваіх дасягненняў. А іх ва ўстановы адукацыі нямала. Як расказаў дырэктар школы Віталь Клімашэўскі, навучэнцы штогод заваёўваюць узнагароды на алімпіядах рознага ўзроўню па вучэбных прадметах. На працягу пяці гадоў з'яўляюцца абсалютнымі пераможцамі ў рэспубліцы па веданні біялогіі, беларускай мовы і літаратуры, нямецкай. За грашовыя сродкі, выдзеленыя навучальнай установе ў якасці заахвочвання за паспяховае выступленне на рэспубліканскай алімпіядзе па біялогіі і хіміі, былі набыты наборы для робататэхнічнага канструявання і адкрыты гурток па яго асваенні.
На сустрэчу з кіраўніком дэпутацкага корпуса прыйшлі школьнікі, якія займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, члены Маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў. Яе старшыня дзевяцікласніца Паліна Сазонава расказала пра апошнія акцыі, якія праводзіць моладзь у раёне. Адна з іх – «Калі ласка, дыхайце» – накіравана на падтрымку медыкаў. Дзеці малююць, вышываюць, ствараюць пано і дораць свае работы людзям у белых халатах. Асаблівая ўвага надаецца валанцёрскай працы – дапамозе людзям з абмежаванымі магчымасцямі, адзінокім пенсіянерам.
Сустрэча вылілася ў размову па душах. Уладзіміра Церанцьева цікавіла, чым збіраюцца рабяты займацца ў дарослым жыцці, якія прафесіі выбіраюць, ці плануюць пасля вучобы вяртацца ў родныя мясціны. Адно з пытанняў, якое прагучала падчас размовы, – чаго не хапае ва Ушачах, каб гарадскі пасёлак стаў прывабным для моладзі. Сёння невялікі населены пункт шмат у чым не саступае вялікаму гораду. Ёсць выдатны ФАК, установы культуры. Патрэбны інвестыцыі, новыя сучасныя працоўныя месцы – гэта задача і тых, хто сёння сядзіць за школьнымі партамі.
– Будучыня малой радзімы, краіны залежыць ад вашых ведаў, прафесійных уменняў, актыўнай жыццёвай пазіцыі. Я бачу вашы разумныя вочы і ўпэўнены, што расце годная змена, – звярнуўся старшыня аблсавета да школьнікаў.