Старшыня абласной выбарчай камісіі Дзмітрый Хома сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ і паведаміў пра тое, як праходзяць выбары ў асноўны дзень галасавання.
– Па стане на 13.00, калі прайшла палова дня асноўнага галасавання, можам канстатаваць, што выбары праходзяць у спакойнай атмасферы. На кожным выбарчым участку арганізаваны і гандаль, і святочныя канцэрты. Я наведаў больш за 20 выбарчых участкаў, у першую чаргу невялікія. Хачу сказаць, што актыўнасць насельніцтва дастаткова высокая. Яўка набірае абароты, людзі ідуць з добрым настроем. Гэтак жа, як і добры настрой у членаў камісіі, – падзяліўся Дзмітрый Хома. – Ніякіх негатыўных момантаў, надзвычайных здарэнняў ці грубых парушэнняў грамадскага парадку на выбарчых участках не зафіксавана.
Старшыня абласной выбарчай камісіі адзначыў высокую яўку і грамадзянскую пазіцыю моладзі, якая галасуе ўпершыню. У прыватнасці, на час інтэрв'ю ўжо больш за 75% грамадзян, якія галасуюць упершыню і ўключаны ў спісы выбаршчыкаў, прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і рэалізавалі сваё права. Гэта больш за 6 тыс. 500 чалавек.
Традыцыйна вялікую актыўнасць праяўляе сельскае насельніцтва, у прыватнасці, Бешанковіцкі і Гарадоцкі раёны.