Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў адказаў на пытанні грамадзян падчас асабістага прыёму, які адбыўся ў ААТ «Малако»
Непасрэдныя зносіны з кіраўніком рэгіёну даюць жыхарам Віцебшчыны магчымасць падняць надзённыя тэмы, распавесці пра свае праблемы і, што асабліва каштоўна, атрымаць канкрэтныя адказы. Не падлягаючых абмеркаванню, «неудобных» пытанняў у такім выпадку проста не можа быць. Так, адказваючы на пытанне Валянціна Гапоненкі, Мікалай Шарснёў распавёў пра перспектывы аднаго з галоўных медыцынскіх даўгабудаў абласнога цэнтра – паліклінікі ў мікрараёне Юг-7. Работы на гэтым аб'екце пачаліся яшчэ ў 2012 годзе, але з часам спыніліся.
– Паліклініка неабходная гораду, гэта бясспрэчна. Яе
будаўніцтва мы ўключылі ў інвестыцыйную праграму. Дамовіліся, што ў 2017
годзе на гэтыя мэты з абласнога бюджэту будзе зарэзервавана 20 млрд
недэнамінаваных рублёў, яшчэ 20 млрд прафінансуе горад. За гэтыя сродкі
будзе ўзведзены будынак пад дах. Але каб рэалізаваць праект цалкам, на
унутранае аздабленне і абсталяванне трэба яшчэ каля 200 млрд рублёў. Зараз мы
прапрацоўваем пытанне прыцягнення кітайскіх інвестыцый на гэтую суму. Прынцыповая
згода ўжо атрымана, магчымасць фінансавання афіцыйна пацверджана,
зараз наладжваем механізмы рэалізацыі намечанага. У 2017-м нам неабходна
падрыхтаваць адпаведны пакет дакументаў, прайсці ўзгадненне на ўзроўні
рэспублікі і атрымаць адабрэнне кіраўніка дзяржавы. Калі ўсё складзецца добра, то
ў 2018 годзе мы ўвядзем паліклініку, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама, а
таксама дадаў, што прынята рашэнне дабудаваць у наступным годзе корпус
анкалагічнага дыспансера, работы на якім пачаліся яшчэ ў 2008 годзе. На
сённяшні момант ужо вызначаны крыніцы фінансавання.
Акрамя таго, у гутарцы з журналістамі
Мікалай Мікалаевіч распавёў, што дзякуючы наладжаным партнёрскім адносінам з КНР могуць быць вырашаны і іншыя пытанні. У прыватнасці, з прыцягненнем кітайскіх інвестыцый плануецца рэалізаваць дарагакаштоўны праект па будаўніцтве Полацкага пуцеправода. На гэты аб'ект неабходна больш за 1 трлн рублёў (да дэнамінацыі), згода па гэтым пытанні дасягнута. Таксама Мікалай Шарснёў адзначыў, што за кошт кітайскага капіталу ў вобласці намечана завяршыць узвядзенне каля 10 пачатых аб'ектаў аховы здароўя ў рэгіёне, не выключана, што ў гэты пералік трапіць і бальніца ў Оршы.
– Такім чынам, мы хочам закрыць усе праблемы, што назапасіліся за апошнія гады. Калі гэта атрымаецца, увойдзем у нармальнае рэчышча і будзем планаваць і паслядоўна пачынаць далейшае будаўніцтва, – падвёў вынік кіраўнік вобласці.
Яшчэ адна агучаная на сустрэчы са старшынёй аблвыканкама тэма – якасць дарог. У прыватнасці, Аляксандр Лапацін паскардзіўся на іх стан у Віцебскім раёне. Нягледзячы на тое, што ў гэтым напрамку шмат робіцца і Мікалай Шарснёў адзначыў станоўчую дынаміку ў навядзенні парадку ў гэтым рэгіёне, актуальнасць пытання пацвярджаюць і звароты грамадзян, і званкі на «прамыя лініі». Востра стаіць праблема дрэнных дарог як для дачнікаў, вымушаных дабірацца да сваіх участкаў па выбоінах, так і для прадпрыемстваў, якія дастаўляюць сваіх работнікаў у прыгарадныя філіялы і падраздзяленні.
– У першую чаргу вазьміце на кантроль усе аўтобусныя маршруты. Пачніце з іх і адпрацоўвайце далей, зыходзячы з нагрузкі. Праблема сфарміравалася даўно, і яе адным махам не вырашыць, таму ніякіх канкрэтных даручэнняў сёння не будзе. Паглядзіце, пралічыце, што рэальна можна зрабіць, вызначыцеся з кіламетражом дарог, неабходнымі тыпамі пакрыццяў, а потым з канкрэтнымі прапановамі прыходзьце на размову, – звярнуўся Мікалай Шарснёў да генеральнага дырэктара «Віцебскаблдарбуда» Уладзіміра Матвеева і спецыялістаў адпаведных ведамстваў.
Пасля завяршэння прыёму грамадзян Мікалай Шарснёў пабываў на вытворчасці і азнаёміўся з ходам мадэрнізацыі ААТ "Малако"
Наталля Камлёва. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА і з архіва «Віцебскіх вестак».