Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў правёў прыём грамадзян на ААТ «Віцебскія дываны»
— Ці нельга знайсці магчымасць забяспечыць такім, хай і дарагім, але эфектыўным абсталяваннем іншыя медустановы, каб пашырыць магчымасці для людзей? — спытала Алена Анатольеўна.
— Трэба шукаць, — адказаў Мікалай Шарснёў. — Праграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016–2020 гады прадугледжана набыццё яшчэ аднаго апарата МРТ для Віцебска коштам да 1,5 мільёна еўра. І трэба пастарацца, гэта даручэнне ўпраўленню аховы здароўя, запатрабаваць гэтыя грошы ў рэспубліцы як мага раней, бо Віцебшчына ўшчамлена ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі ў частцы фінансавання ў розных галінах: жыллёвым, дарожным будаўніцтве, адукацыі і ахове здароўя.
А ў цэлым, пашкадаваў Мікалай Мікалаевіч усім жыхарам рэгіёна, трэба больш увагі надаваць здароваму ладу жыцця, каб менш звяртацца да магчымасцей медыцыны.
У тэму было і яшчэ адно пажаданне Алены Табаковай. Яна лічыць, што гораду трэба пашырыць магчымасці для заняткаў дзяцей такім папулярным відам спорту, як батут. Кіраўнік вобласці тут жа праінфармаваў, што рашэнне аб будаўніцтве Палаца батута пасля нашай алімпійскай перамогі ў Рыа-дэ-Жанейра ўжо прынята. Мінск, вядома, цягнуў коўдру на сябе, але пасля ўмяшання Прэзідэнта краіны ўсё
решылася на карысць Віцебска з яго добрай трэнерскай школай. Ужо вырабляецца праектная дакументацыя, у наступным годзе пачнецца будаўніцтва. Першы намеснік старшыні гарвыканкама Валянцін Цветкаў дадаў, што пляцоўка падабрана на праспекце Перамогі. У архітэктурным плане будынак будзе цудоўным, стане упрыгожаннем горада.Другую, не менш важную, мэту прыезду на прадпрыемства кіраўнік вобласці азначыў як імкненне даведацца перспектывы развіцця і пры іх бачанні моцнай кіраўніцкай камандай дапамагчы рэалізаваць з боку органаў улады — бюджэтнымі, крэдытнымі сродкамі, гарантыямі для іх атрымання, бо адміністрацыйны рэсурс яшчэ ніхто не адмяняў.
— Мая стратэгія — дапамагаць моцным, — сказаў Мікалай Мікалаевіч. — Грошы трэба накіроўваць туды, дзе закладзены добрыя асновы і можна атрымаць яшчэ больш значны вынік. У сённяшніх умовах канкурэнцыі выжывае толькі наймацнейшы, буйны гулец, нават найменшае прамедленне даволі паспяховага вытворцы з нейкім своечасовым рашэннем можа выбіць з рынку. Так што самазаспакаення быць не павінна.
Генеральны дырэктар акцыянернага таварыства дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Алена Чарапніна прадставіла кіраўніку вобласці сваю маладую каманду — пісьменных і ўмелых дамагацца выніку намеснікаў. З дапамогай лічбаў яна прадэманстравала дынаміку развіцця прадпрыемства. За сем месяцаў года аб'ёмы вытворчасці склалі 122,8 працэнта да мінулагодняга перыяду, экспарт — 143,2 працэнта (22,4 мільёна долараў), больш за 70 працэнтаў прадукцыі пастаўляецца ў Расію, расце ўкраінскі рынак, асвойваюцца новыя краіны. Праца стабільная, хоць адметнай асаблівасцю з'яўляецца сезоннасць попыту, сярэдняя заработная плата за сем месяцаў года склала 731,6 рубля, працай людзі даражаць. Нарастанне аб'ёмаў вытворчасці дывановых вырабаў, а з 1987 года яны выраслі з 12,4 да 20,5 мільёна квадратных метраў у год, зараз адбываецца без павелічэння выкарыстання энергетычных рэсурсаў. Тут рыхтуюцца ажыццявіць інвестыцыйны праект па экструзіі поліпрапіленавай ніткі, што дазволіць мець сваю сыравіну для прашыўных вырабаў, паменшыць імпарт. Шмат і іншых планаў.
Выслухаўшы гендырэктара і пабываўшы ў цэхах, Мікалай Шарснёў прапанаваў кіраўнічай камандзе ў бліжэйшы час прадставіць у аблвыканкам прапановы па максімуме выкладзенай ім стратэгіі. Што трэба яшчэ зрабіць, дапусцім, пры наяўнасці дастатковай колькасці сродкаў на мадэрнізацыю і пашырэнне, каб ААТ «Віцебскія дываны» заставалася не проста лепшым у мясцовым «княстве» (у межах канцэрна), бо любая імперыя рана ці позна руйнуецца, а ў найбліжэйшай будучыні зрабіла значна далей, стала прадпрыемствам заўтрашняга дня: мацней у 2–3 разы, сучасней і эфектыўней. Алена Чарапніна запэўніла, што такая праграма для далейшай сумеснай працы будзе падрыхтавана, яе аснова ўжо распрацавана і да гэтага.
Вера МУРАШКІНА. Фота Алега КЛІМОВІЧА. «Віцьбічы».