Старшыня аблвыканкама Дзмітрый Хома: «Выбары пройдуць выразна і ў адпаведнасці з заканадаўствам»
— Дзмітрый Леанідавіч, як вы ацэньваеце ход выбарчай кампаніі на Віцебшчыне?
— Цяпер яна знаходзіцца ў самай актыўнай і цікавай агітацыйнай фазе, калі кандыдаты выйшлі да выбаршчыкаў са сваімі праграмамі, звяртаюцца да іх праз сродкі масавай інфармацыі. Разгорнута шырокая інфармацыйная кампанія па прыцягненні людзей на выбарчыя ўчасткі. Так што прайсці міма гэтай важнай грамадска-палітычнай падзеі сёння практычна немагчыма. Створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны грамадзянін змог зрабіць усвядомлены выбар.
Вядома, кандыдаты дзейнічаюць зыходзячы з уласнай тактыкі або стратэгіі, у тым ліку як весці агітацыю: рабіць упор на сустрэчы з выбаршчыкамі ў калектывах або арганізацыю пікетаў у месцах масавага знаходжання людзей, працаваць наўпрост або дадаткова прыцягваць да агітацыі давераных асоб. Наша задача як арганізатараў выбараў — забяспечыць для ўсіх кандыдатаў роўныя ўмовы, каб яны змаглі данесці сваю пазіцыю да грамадзян.
Акрамя таго, працягваецца акрэдытацыя назіральнікаў. На Віцебшчыне акрамя нацыянальных адсочваюць сітуацыю доўгатэрміновыя назіральнікі розных міжнародных місій.
Важны і адказны этап наступіў у працы ўчастковых выбарчых камісій — падрыхтоўка да датэрміновага галасавання. Сёння ўжо праведзены трэнінгі з членамі ўчастковых камісій, адпрацаваны ўсе арганізацыйныя аспекты. Узгоднены спісы выбаршчыкаў для галасавання, але абласная камісія накіроўвае ўчастковыя выбаркамы пастаянна правяраць унесеныя ў іх звесткі. Асабліва гэта актуальна для буйных населеных пунктаў, дзе насельніцтва пастаянна знаходзіцца ў руху. Выбаршчыкі маюць права за 15 дзён да дня асноўнага галасавання прыйсці на ўчастак і праверыць правільнасць інфармацыі пра іх. Кожнаму выбаршчыку ў памяшканні ўчастковай камісіі забяспечваецца магчымасць пераканацца, ці ўключаны ён у спіс і ці правільна пазначаны звесткі пра яго.
Вядома, з досведу мінулых гадоў можна ўзгадаць выпадкі, калі грамадзянін, заўважыўшы нейкія недакладнасці ці не выявіўшы сябе ў спісах, крыўдзіцца і сыходзіць, а хтосьці, наадварот, ставіцца да гэтых момантаў з разуменнем і ўдакладняе дадзеныя. Мы не здымаем адказнасці з участковых камісій. Пры гэтым неабходна паставіць заслон асобным несумленным выбаршчыкам, якія могуць зрабіць спробы прагаласаваць на 3 – 4 участках. Для спынення падобных выпадкаў маецца дакладны алгарытм дзеянняў, яго адпрацавалі члены ўчастковых камісій на трэнінгах.
Такім чынам, для таго, каб кожны грамадзянін змог рэалізаваць сваё права, праведзена значная падрыхтоўчая праца, і я як старшыня абласной выбарчай камісіі ўпэўнены, што выбары пройдуць выразна і ў адпаведнасці з заканадаўствам, як і ўсе папярэднія кампаніі.
— Адна з галоўных асаблівасцей цяперашняй кампаніі — павышаная актыўнасць кандыдатаў у дэпутаты, колькасць якіх аказалася самай вялікай за гісторыю правядзення выбараў у Нацыянальны сход Беларусі. Наколькі гэтая акалічнасць дадала клопатаў аблвыбаркаму?
— Я лічу, што вялікая колькасць кандыдатаў у дэпутаты з’яўляецца яшчэ адным важкім доказам таго, што выбарчая кампанія праходзіць у строгай адпаведнасці з заканадаўствам. Кожны з прэтэндэнтаў на мандат, хто добрасумленна і скрупулёзна падышоў да ўдзелу ў ёй, сёння вядзе агітацыю. Калі грамадзянін яшчэ на падрыхтоўчым этапе ці то з-за нядбайнасці пры арганізацыі працы сваёй каманды, ці то з-за няўважлівасці пры афармленні дакументаў стварае глебу для магчымых парушэнняў, то пры рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты ўсе гэтыя недапрацоўкі ўсплываюць і прыводзяць да адмоўнага выніку. У цяперашняй кампаніі сышлі з дыстанцыі на рэгістрацыйным этапе дзевятнаццаць прэтэндэнтаў, з якіх дзевяць чалавек скарысталіся магчымасцю абскардзіць гэтыя адмовы ў судовай інстанцыі. Ва ўсіх выпадках суд пацвердзіў законнасць і абгрунтаванасць рашэнняў выбарчых камісій.
Мы не можам сцвярджаць, што нехта наўмысна ішоў на парушэнні, гаворка ідзе пра дапушчаныя памылкі. Але калі гучаць заявы аб прадузятым да іх стаўленні, то я прапаную звярнуць увагу на такі факт: зарэгістраваныя па акругах на Віцебшчыне кандыдаты ў дэпутаты прадстаўляюць увесь спектр палітычных партый. Гэта, на мой погляд, яшчэ раз сведчыць аб роўным доступе да выбарчых магчымасцей.
— На ваш погляд, з чым звязана вялікая колькасць жадаючых паспрабаваць сябе ў законатворчай дзейнасці?
— На маё меркаванне, адным з фактараў, што прадвызначылі такую колькасць кандыдатаў, стала якраз якасная падрыхтоўчая праца палітычных партый. Амаль дзве траціны кандыдатаў прадстаўляюць менавіта гэтыя грамадскія арганізацыі. Асабліва кідаецца ў вочы той факт, што партыі сур'ёзна папрацавалі над іміджам сваіх прадстаўнікоў. Напрыклад, сёння сярод партыйных кандыдатаў няма асоб без даходаў або афіцыйна не працуючых, тады як на ранейшых выбарах такія былі, і нямала.
Актыўна праявілі сябе і так званыя самавылучэнцы — гэта грамадзяне, якія вырашылі паспрабаваць свае сілы ў палітычнай барацьбе, спрабуючы прабіцца ў дэпутаты шляхам збору подпісаў грамадзян у сваю падтрымку. Акрамя таго, некаторыя буйныя прадпрыемствы і арганізацыі дэлегуюць у парламент сваіх прадстаўнікоў, тым больш што заканадавец дае магчымасць вылучэння кандыдатаў ад працоўнага калектыву.
— З 11 лістапада будуць транслявацца тэлевізійныя дэбаты кандыдатаў на канале «Беларусь 3». Як праходзіць агітацыйны этап?
— Пяці кандыдатам ужо вынесены папярэджанні за парушэнні пры правядзенні агітацыі. Я не выключаю, што іх колькасць можа павялічыцца. Мяркуючы па ўсім: калі на сустрэчы прыходзяць усяго па 2 – 3 чалавекі, то кандыдат, бачачы такое стаўленне да сваёй персоны, разумее неабходнасць карэкціроўкі дзеянняў. А галасаванне не за гарамі, напружанне нарастае, з'яўляецца спешка, павышаецца рызыка неабдуманых дзеянняў, якія могуць прывесці ў тым ліку да парушэння заканадаўства.
Але ў цэлым, падкрэслю яшчэ раз, кампанія праходзіць узважана і ў рамках прававога поля.