Старшыня аблсавета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў павіншаваў з Вялікаднем архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя

Хрыстова Уваскрэсенне — самае радаснае, светлае і жаданае свята для ўсіх вернікаў. Нягледзячы на святкаванне ва ўмовах эпідэміялагічнай сітуацыі, нязменнай засталася традыцыя велікоднай сустрэчы прадстаўнікоў абласной улады з архіепіскапам Віцебскім і Аршанскім Дзімітрыем.

Кіраўнік епархіі прыняў у сваёй рэзідэнцыі старшыню абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Церанцьева і галоўнага спецыяліста галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Сяргея Фацяненкава.

Уладзімір Уладзіміравіч павіншаваў ад імя выканаўчай і заканадаўчай улады вобласці архіпастыра з Вялікаднем, а ў яго асобе і ўсё духавенства і вернікаў. Уручаючы традыцыйны букет белых руж, падзякаваў архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя за вялікую духоўную працу на карысць грамадства, за малітвы, што ўзносяцца да Госпада, у тым ліку, за будучыню нашай краіны, за здароўе людзей.

Уладыка перадаў госцю сімвалічныя для Светлага Хрыстова Уваскрэсення пасху і святочны куліч. А словы архіерэя, з якімі ён паднёс велікодныя дары, былі поўныя светлага пачуцця, духоўнай мудрасці.

— Радасці ўсім людзям! Радуйцеся заўсёды і прымайце Божую любоў, — сказаў архіепіскап Дзімітрый. — Боская любоў — яна праяўляецца заўсёды ў прыгажосці, у парадку. Любіце бліжніх сваіх, розных людзей, нават тых, хто, як вам здаецца, не варты любові. Але вы любіце… Гасподзь дае нам і дождж, і сонца, Ён даруе нам знаходзіцца на Зямлі ў радасці.