Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка прыняў удзел ва ўрачыстай лінейцы з нагоды Дня ведаў у Докшыцах
Добры адукацыйны працэс дазваляе чалавеку быць запатрабаваным і смела крочыць па жыцці. Гэта адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка, які сёння прыняў удзел у святочнай лінейцы з нагоды Дня ведаў у сярэдняй школе №2 Докшыц Віцебскай вобласці.
Уладзімір Андрэйчанка звярнуў увагу школьнікаў на тое, што яны павінны вучыцца не для таго, каб парадаваць бацькоў добрымі адзнакамі, а для атрымання моцных ведаў. Развітваючыся з журналістамі пасля ўрачыстасці, спікер адзначыў, што пра свае школьныя гады памятае толькі самае добрае. "Але ёсць і лёгкае шкадаванне, што ў свой час мы недаацэньвалі важнасць атрымання ведаў, нешта ўпусцілі. Сённяшнім школьнікам варта разумець, што яны вучацца не для кагосьці, а для сябе. Трэба атрымліваць веды, каб у далейшым стаць запатрабаваным чалавекам і смела крочыць па жыцці. У нашай краіне для гэтага робіцца вельмі шмат", - падкрэсліў ён.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што адукацыя - гэта прыярытэт дзяржаўнай палітыкі Беларусі. "Мы разумеем, што ад стану адукацыі залежыць эканоміка краіны, дабрабыт нашых грамадзян, стабільнасць у грамадстве і бяспека ў дзяржаве. Таму пытанням адукацыі надаецца велізарная ўвага. Пра гэта гаварыў Прэзідэнт на Рэспубліканскім педагагічным савеце. На форуме вызначаны канкрэтныя задачы, і важна, у іх рэалізацыі знайшлі сваё месца і дэпутаты Нацыянальнага сходу", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.
Ён таксама адзначыў, што па пытаннях удасканалення адукацыі дэпутатамі ўжо шмат зроблена. "Прынята вялікая колькасць заканадаўчых актаў, якія датычацца развіцця адукацыі. У 2010 годзе мы ўжо закадзіфікавалі ўсе гэтыя законы і стварылі вельмі салідны дакумент - Кодэкс аб адукацыі. Такога дакумента няма ні ў адной краіне на постсавецкай прасторы", - канстатаваў спікер. Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што зараз ідзе актыўная праца над новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі. "Правялі парламенцкія слуханні. Наша пастаянная
камісія па адукацыі праводзіць выязныя пасяджэнні, раіцца непасрэдна на месцах з настаўнікамі, з грамадскасцю. Праводзяцца пасяджэнні рабочых груп. Я думаю, што гэтая праца дазволіць у самы бліжэйшы час стварыць вельмі добры сучасны дакумент, які будзе працаваць на развіццё нашай краіны", - рэзюмаваў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
На святочнай лінейцы ён цёпла павіншаваў школьнікаў, педагогаў і бацькоў з пачаткам новага навучальнага года, пажадаў удачы выпускнікам і поспехаў першакласнікам, якіх у сярэдняй школе №2 Докшыц 52. У падарунак ад дэпутатаў Нацыянальнага сходу школа атрымала тэлевізар. Пасля завяршэння святочнай лінейкі Уладзімір Андрэйчанка пабываў у вучэбных кабінетах школы, зазірнуў на ўрок да першакласнікаў. Спікер пагутарыў з дзецьмі і настаўнікамі і ўручыў новаспечаным школьнікам падарунак Прэзідэнта - кнігу "Беларусь - наша Радзiма".
Алена Ціханава - БЕЛТА.