Старшыня пасялковага савета ў Віцебскай вобласці стаў фігурантам крымінальнай справы аб незаконным выдзяленні зямлі
19 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Крымінальная справа па факце незаконнага выдзялення зямельных участкаў узбуджана ў дачыненні да старшыні аднаго з пасялковых саветаў Віцебскай вобласці, паведамілі сёння карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Віцебскага аблвыканкама.
Чыноўнік падпісаў рашэнне пасялковага савета аб выдзяленні двух зямельных участкаў агульным коштам больш за Br40 млн. у пажыццёвае спадчыннае валоданне двум грамадзянам, нягледзячы на тое, што заканадаўствам вызначаны іншы парадак выдзялення зямельных участкаў. Як мяркуе следства, яго дзеянні былі выкліканы асабістай зацікаўленасцю.
Дзеянні старшыні пасялковага савета падпадаюць пад ч.3 арт.426 Крымінальнага кодэкса РБ "Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў", якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 10 гадоў.
З пачатку года па матэрыялах службы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі ўзбуджана больш за 200 крымінальных спраў па фактах карупцыйных злачынстваў. З іх значную колькасць складаюць службовыя падлогі, крадзяжы шляхам злоўжывання службовым становішчам, хабар. Найбольшую колькасць карупцыйных злачынстваў выяўляецца ў органах дзяржкіравання, гандлі, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, транспарце і камерцыйных арганізацыях.-0-