Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава наведала ААТ "Нафтан" і сустрэлася з калектывам прадпрыемства
Падчас размовы працаўнікі змаглі задаць цікавыя ім пытанні, з першых вуснаў даведацца аб асноўных напрамках дзяржаўнай палітыкі ў розных сферах. Абмяркоўваліся праца эканомікі, пытанні жылля, заработнай платы, транспартнай інфраструктуры і электратранспарту. Сустрэча прайшла ў адкрытай і даверлівай атмасферы.
Спікер падкрэсліла, што трымае на кантролі ход мадэрнізацыі завода, работы выходзяць на фінішную прамую. У выніку плануецца павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90%. Інвестпраграма ўключае комплекснае развіццё прадпрыемства, стварэнне новых вытворчасцей і рэканструкцыю дзеючых пляцовак. "Нафтан" ужо завяршыў рэканструкцыю ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты АТ-8.
Як адзначыў генеральны дырэктар ААТ "Нафтан" Аляксандр Дзямідаў, на заводзе працягваецца праграма па пастаўках альтэрнатыўнай нафты. "Сёння ўпершыню прыбыла амерыканская нафта гатунку Bakken сланцавага паходжання. За апошнія 5-6 месяцаў гэта трэці гатунак нафты, які тут раней не перапрацоўвалі. Спачатку паступала нарвежская нафта, затым арабская. Дыверсіфікацыя паставак у гэтым годзе працягнецца", - паведаміў ён.Па ацэнках спецыялістаў, амерыканская нафта па сваіх характарыстыках не саступае нафце гатунку Urals. Чорнае золата са ЗША мае больш высокі патэнцыял утрымання светлых нафтапрадуктаў.
Амерыканская нафта стала 12-й танкернай пастаўкай у гэтым годзе для Беларусі ад альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. Агульны аб'ём танкерных паставак ужо перавысіў 1 млн т нафты.