Старшыня ЦВК Ігар Карпенка заахвоціў арганізатараў кампаніі па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Віцебскай вобласці

Сярод іх — прадстаўнікі камісій рознага ўзроўню для галасавання на праведзеным 27 лютага рэферэндуме, а таксама яго арганізатары са складу работнікаў мясцовых органаў улады.

Як адзначыў перад цырымоніяй узнагароджання старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, дзякуючы зладжанай і прафесійнай працы ўсіх удзельнікаў працэсу кожны жыхар вобласці змог рэалізаваць права на ўдзел у галасаванні і распарадзіцца сваім голасам. У сціслыя тэрміны праведзена каласальная праца. У плебісцыце прынялі ўдзел больш за 81 працэнт грамадзян, унесеных у спісы для галасавання, звыш 70 працэнтаў выказаліся за ўнясенне прапанаваных карэкціровак. Для абмеркавання праекта абнаўляемай Канстытуцыі былі праведзены сотні сустрэч у працоўных калектывах. З дапамогай больш чым 5,5 тысячы назіральнікаў зроблена ўсё для забеспячэння празрыстасці галасавання, каб пацвердзіць яго легітымнасць і ў далейшым легітымнасць усёй нашай працы.

Больш за 9 тысяч чалавек працавалі ва ўчастковых камісіях, больш за 300 – у тэрытарыяльных. Яны забяспечылі законнасць усіх выбарчых працэдур. Разам з імі працавалі праваахоўнікі, урачы і ратавальнікі для забеспячэння бяспекі рэферэндуму. Найважнейшую ролю ў арганізацыі працэсу адыгралі работнікі раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, адміністрацый горада Віцебска, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.


-- Уся праведзеная праца вартая павагі, бо была накіравана на дабрабыт усяго нашага грамадства, на будучыню нашай цудоўнай краіны, -- падвёў вынік кіраўнік вобласці.

Ігар Карпенка дадаў, што больш за год праводзілася вялікая падрыхтоўчая праца з насельніцтвам. Гэта і абумовіла высокую яўку, стварыла платформу для таго, каб грамадзяне прасякнуліся зменамі і дапаўненнямі ў Асноўны Закон і падтрымалі іх. У найбліжэйшы час трэба будзе ўнесці змены ў заканадаўчыя акты краіны, прыняць новыя, каб прывесці ўсё ў адпаведнасць і са змененай Канстытуцыяй.

Сярод узнагароджаных былі намеснік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска Алена Шарай, намеснік старшыні Віцебскай абласной камісіі па рэферэндуме Вячаслаў Хрол і многія іншыя.

/>"Віцьбічы"