Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў уручыў праваахоўнікам граматы і падзякі

104 гады на службе закону і людзям. Такая ўнушальная нават з пункту гледжання гісторыі дата была б немагчымая без людзей, якія стаялі ля вытокаў міліцыі і прысвяцілі сваё жыццё ахове спакою грамадзян. Часам яны рабілі гэта цаной свайго жыцця. Таму па традыцыі ля помніка супрацоўнікам АУС, загінулым пры выкананні службовага абавязку, адбыўся мітынг з удзелам кіраўніцтва ўпраўлення, супрацоўнікаў і ветэранаў міліцыі Віцебшчыны.

 – Гэта прафесійнае свята для ўсіх, хто выбраў для сябе адну з самых важных і адказных прафесій: абараняць правапарадак і спакой грамадзян. Сёння ўсё грамадства перажывае складаны перыяд процістаяння знешнім і ўнутраным выклікам і пагрозам. І ад вынікаў нашай з вамі працы залежыць не толькі бяспека кожнага канкрэтнага чалавека, але і развіццё Беларусі як прававой дзяржавы ў цэлым, – адзначыў, звяртаючыся да прысутных, начальнік УУС Андрэй Любімаў.

Урачыстыя мерапрыемствы перамясціліся ў канцэртную залу «Віцебск». Тут начальнік УУС адзначыў узнагародамі лепшых супрацоўнікаў. Падзякі Міністра ўнутраных спраў за выхаванне іх дзяцей, якія годна выконваюць службовы абавязак, Андрэй Любімаў уручыў бацькам лейтэнанта міліцыі Кацярыны Каваленка і старшага лейтэнанта міліцыі Андрэя Іванова.

З прывітальным словам выступіў таксама старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. Ён яшчэ раз падзякаваў праваахоўнікаў за службу, а таксама ўручыў ганаровыя граматы і падзякі ад абласнога выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў. Высокай узнагароды ўдастоіліся старшы лейтэнант міліцыі Вадзім Агеенка, капітан міліцыі Мікалай Кіруковіч, маёр міліцыі Андрэй Фёдараў, падпалкоўнік міліцыі Сяргей Бержанін і палкоўнік міліцыі Вячаслаў Грышчанка.

Пасля ўрачыстай часткі ўсіх прысутных у зале чакаў святочны канцэрт.