Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец запатрабаваў ліквідаваць ганебныя факты бяспанства, выяўленыя падчас пракурорскіх праверак.
Выкананне патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.06.2007 №3 «Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы» і Указа кіраўніка дзяржавы ад 29.11.2012 №537 «Аб аб’яўленні 2013 года Годам беражлівасці» абмеркавалі ў мінулы аўторак падчас каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у Віцебскай вобласці.
На выяўленых падчас маніторынгу праблемах і недахопах максімальна падрабязна спыніўся пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыска. Паводле яго слоў, далёка не ўсюды забяспечана належнае выкананне заканадаўства аб захаванасці ўласнасці, дапускаюцца факты безгаспадарнасці і крадзяжоў, нерацыянальнага выкарыстання матэрыяльных і фінансавых каштоўнасцей. Большасць парушэнняў была выяўлена на прадпрыемствах АПК, будаўнічых аб’ектах, у арганізацыях ЖКГ і ў сферы гандлю. У якасці прыкладаў Генадзь Іосіфавіч прывёў факты неналежнага захоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі, калійнай і мінеральнай глебы, дрэнны стан майстэрняў. Таксама распавёў пра зафіксаваныя выпадкі п’янства вартаўнікоў, пакіданне
без нагляду будаўнічага спецабсталявання, нежаданне абсталёўваць крамы райпо ахоўнай сігналізацыяй і іншыя. Прычым такія «больныя кропкі» раскіданы па ўсёй вобласці: Дубровеншчына, Росаншчына, Лёзненшчына, Лепельшчына і іншыя раёны.
— У Дырэктыве №3 асноватворнымі элементамі выступаюць забеспячэнне энергабяспекі дзяржавы, эканомнае стаўленне да ўсіх матэрыяльных рэсурсаў як прадпрыемствамі і арганізацыямі, так і грамадзянамі, — канстатаваў губернатар.
Аляксандр Косінец запатрабаваў на працягу 48 гадзін разабрацца з усімі выкладзенымі пракурорам вобласці крычушчымі фактамі безгаспадарнасці і прывесці ў належны выгляд усе аб’екты аграпрамысловага комплексу, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва і гандлю, пра якія ішла размова на каардынацыйнай нарадзе. У адваротным выпадку да кіраўнікоў будуць прыняты жорсткія меры.