Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў: «Самы каштоўны капітал СМІ – рэпутацыя»
Звяртаючыся да журналістаў, кіраўнік вобласці адзначыў, што сучаснае жыццё немагчыма ўявіць без камунікацый, якія фарміруюць інфармацыйную прастору. Яны займаюць дамінуючае становішча ў рэальным і віртуальным свеце.
– З кожным годам удасканальваюцца тэхналогіі, узрастае колькасць каналаў атрымання інфармацыі, – сказаў Мікалай Мікалаевіч. – Самае жыццё падказвае новыя падыходы і патрабаванні для ўдасканалення творчай працы. Атрадна, што медыясховішча Віцебшчыны ідзе ў нагу з часам: аператыўна рэагуе на запыты аўдыторыі, шукае цікавыя формы падачы інфармацыі, выяўляе праблемы і распавядае пра шляхі іх вырашэння.
Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што з дапамогай рэгіянальных дзяржаўных СМІ сёння неабходна фарміраваць у насельніцтва, у тым ліку ў падрастаючага пакалення, устойлівы імунітэт да сучасных выклікаў і пагроз, вучыць крытычна мысліць, не паддаючыся эмоцыям. А для гэтага трэба яшчэ больш інтэнсіўна асвойваць інтэрнэт-прастору, распаўсюджваць аб'ектыўную і вывераную інфармацыю, прыводзіць разумныя довады і аргументы.
– У вас дастатковы запас унутранай трываласці, які дазволіць ацаніць сітуацыю, убачыць яе глыбінны сэнс, вылучыць галоўнае, даступна падаць чытачу, гледачу, слухачу, – адзначыў Мікалай Шарснёў, звяртаючыся да прысутных. – Ад гэтага залежыць, як грамадства будзе ўспрымаць і ацэньваць тое, што адбываецца. А з такіх момантаў і фарміруецца самы каштоўны капітал СМІ – рэпутацыя. Беражыце гэта і даказвайце сваё права на давер людзей!
Даведка «ВВ». У Віцебскай вобласці налічваецца звыш 6 тыс. сельскіх населеных пунктаў, большая частка з якіх маланаселеныя. Пры гэтым Віцебшчына з'яўляецца самай чытальнай у рэспубліцы: на 1 тыс. чалавек прыпадае 324 экз. газет.
Друкаваныя СМІ знаходзяцца ў цеснай сувязі з аддзяленнямі Віцебскага філіяла РУП «Белпошта». Асаблівую ўвагу – абслугоўванню насельніцтва ў аддаленых вёсках: метад мотадастаўкі сёння ахоплівае звыш 4,5 тысячы населеных пунктаў вобласці. Пілотны праект «Мабільны паштальён», які стартаваў у Аршанскім раёне, пашырыў сваю геаграфію: ён ужо ўкаранёны ў Полацкім раёне і Наваполацку.
Гнуткую эканамічную палітыку праводзіць Віцебскі філіял ТРУП «Белсаюздрук». Калектыву арганізацыі ўдаецца захоўваць рэалізацыю перыядычных выданняў, заставацца сярод лідараў у рэспубліцы. Акрамя таго, у 2020-м адкрыта два гандлёвыя аб'екты Белсаюздруку, яшчэ тры – заменены на шматфункцыянальныя павільёны новага ўзору.
Напярэдадні сустрэчы былі падведзены вынікі абласнога конкурсу сярод журналістаў і рэдакцый СМІ. Ва ўрачыстай абстаноўцы Мікалай Шарснёў уручыў узнагароды пераможцам. Так, у намінацыі «Лепшае друкаванае СМІ Віцебскай вобласці ў I групе» перамог калектыў камунальнага інфармацыйнага унітарнага прадпрыемства «Рэдакцыя віцебскіх гарадскіх газет «Віцьбічы» і «Вечерний Витебск», а ў II групе – калектыў рэдакцыі газеты «Патрыёт» Ушацкага раёна. У намінацыі «Лепшае тэлевізійнае, радыёвяшчальнае СМІ Віцебскай вобласці» перамогу атрымала Наваполацкая рэдакцыя тэлепраграмы «Вектор ТВ». Лепшае сеткавае выданне, інтэрнэт-рэсурс СМІ Віцебскай вобласці стварае калектыў рэдакцыі «Браслаўская зорка».
Абласная газета «Віцебскія весці» таксама не засталася без узнагароды. Наш спецыяльны карэспандэнт Кацярына Ляхоўская прызнана лепшым маладым журналістам рэгіянальных СМІ.
У намінацыі «Лепшы творчы праект у друкаваным СМІ» перамогу атрымала вядучы карэспандэнт раённай газеты «Пастаўскі край» Іна Сняжкова. Калектыў рэдакцыі праграмы радыёвяшчання «Пастаўскае мясцовае радыё» і праграмы тэлебачання «Паставы-ТБ» стаў пераможцам у намінацыі «Лепшы творчы праект у тэлевізійным, радыёвяшчальным СМІ». За лепшы творчы праект у інфармацыйным агенцтве, сеткавым выданні, інтэрнэт-рэсурсе СМІ дыплом атрымаў калектыў рэдакцыі гарадской газеты «Наваполацк сёння». Лепшым фотарэпартарам друкаваных СМІ Віцебшчыны карэспандэнт газеты «Родныя вытокі» і праграмы радыёвяшчання Докшыцкага раёна Яўгенія Малевіч.
У намінацыі «Лепшая тэлеаператарская праца ў СМІ» адзначаны тэлеаператары ТРК «Віцебск» Сяргей Котаў і Алег Чарняк.
Пасля цырымоніі ўзнагароджання кіраўнік вобласці правёў прэс-канферэнцыю для рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.
Па матэрыялах: "Віцебскія весці", "Віцьбічы", БЕЛТА.