Старшыня Віцебскага аблвыканкама наведаў урачыстую лінейку ў аршанскай гімназіі

Першы званок — падзея асаблівая і хвалюючая. А для вучняў гімназіі №1 Оршы ўдвая, бо на ўрачыстасці прысутнічаў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.


– Гэта свята, якое аб'ядноўвае розныя пакаленні, — звярнуўся да прысутных кіраўнік вобласці. — Я хачу, каб кожны з вас, дзеці, зразумеў: ва ўлады, бацькоў, педагогаў жаданне агульнае – выхаваць годных людзей.

Мікалай Шарснёў уручыў дырэктару гімназіі Наталлі Кохавай падарункавы сертыфікат. Сродкі пойдуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Да віншаванняў далучыліся старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў, старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай Лісоўскі. Падарункам ад ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» усім першакласнікам раёна стаў «Буквар Аршанскі», выдадзены на дзвюх мовах тыражом каля 2,5 тыс. экз. Начальнік службы па сувязях з грамадскасцю Дзмітрый Косцін нагадаў, што менавіта ў Оршы 400 гадоў таму з'явіўся першы буквар.

Мікалай Мікалаевіч пабываў у кабінетах гімназіі №1, аснашчаных па праекце «Віртуальная школа» і нават адчуў сябе ў ролі вучня, паседзячы за партай. Таксама губернатар па вартасці ацаніў узоры робататэхнікі, створаныя юнымі вынаходнікамі з гімназіі і IT-акадэміі «КомпАС».

Кіраўнік вобласці з задавальненнем пагутарыў з першакласнікамі, сказаў ім напутлівыя словы і ўручыў маленькім школьнікам падарункі ад Прэзідэнта — вучэбны дапаможнік «Беларусь — наша Радзіма».

– За вамі будучыня нашай краіны, — падкрэсліў Мікалай Шарснёў. – Таму слухайце сваіх настаўнікаў і бацькоў, убірайце веды, як губка. І ў далейшым мы зможам вамі ганарыцца.

Падчас экскурсіі па адной з лепшых па выніках вучэбна-выхаваўчай дзейнасці гімназій вобласці Наталля Кохава расказала, што за 8 гадоў існавання ўстанова выпусціла больш за 200 залатых і сярэбраных медалістаў. Звыш 90% гімназістаў штогод паступаюць у ВНУ Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Традыцыйна навучэнцы гімназіі №1

– пераможцы абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Гонар установы – клуб юных ратавальнікаў і пажарных, каманда КВЗ «Выдатны боршч» — прызёр фестывалю каманд школьнай лігі.

Вольга ЛЕБЕДЗЕВА, фота аўтара. «Віцебскія весці».