Старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Вераніка Забалуева распавяла пра перспектывы інавацыйнага развіцця Віцебшчыны.

Председателем комитета экономики облисполкома Вероника Заболуева рассказала о перспективах инновационного развития Витебщины.
Нядаўна нашаму Прэзідэнту прапанавалі варыянты беларускіх цукерак на аснове сухога малака. Плануецца, што ў далейшым прысмакі стануць экспартна арыентаванай прадукцыяй. Менавіта на гэта робіцца стаўка. Мадэрнізацыя і рэканструкцыя прамысловых прадпрыемстваў, якія забяспечаць эканамічную бяспеку і незалежнасць краіны, сацыяльна-эканамічнае развіццё дзяржавы – стратэгічны курс Беларусі ў новай геапалітычнай абстаноўцы. На гэту тэму адбылася размова са старшынёй камітэта эканомікі аблвыканкама Веранікай Забалуевай, якая расказала пра перспектывы інавацыйнага развіцця Віцебшчыны.

Для ўмацавання тэхналагічнай незалежнасці на дзяржаўным узроўні робіцца шэраг мер. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 15 верасня 2021 года падпісаў Указ № 348, якім зацверджана Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Беларусі на 2021 — 2025 гады. Пры яе рэалізацыі арганізацыі ўсіх форм уласнасці будуць выконваць інавацыйныя праекты па стварэнні новых вытворчасцей. Гэта дазволіць паспяхова прасоўваць айчынныя тэхналогіі на сусветны рынак і выкарыстоўваць перадавыя замежныя распрацоўкі. Згодна з дакументам да 2025 года павінна быць створана 12 тыс.

Інтэрфейс эканомікі і навукі

Стварэнне прадуктыўнага альянсу навукі і бізнесу на сённяшні дзень з'яўляецца найбольш перспектыўным напрамкам развіцця беларускай эканомікі. Станоўчы ўплыў навукова-прамысловай кааперацыі на працэсы інавацыйнай актыўнасці ў рэгіёнах і галінах адзначае большасць даследчыкаў. Кіраўнік дзяржавы сёлета ў сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу адзначыў, што «месца навукі ў развіцці краіны павінна быць больш заўважным. Ролю навукі і вучоных трэба падняць на парадак. Не вучоных трэба падстрэльваць, а яны павінны «рухаць» галіны ў новыя тэхналагічныя ўклады ва ўмовах вострай канкурэнцыі. Наша навука можа шмат: ад штучнага інтэлекту да жыцёва важных лекавых прэпаратаў і тэхналогій».

– У нашым рэгіёне на пастаяннай аснове падтрымліваецца ўзаемадзеянне Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны з вытворцамі ветэрынарных прэпаратаў ТАА «Рубікон», замежным прадпрыемствам «ВІК-здароўе жывёл», ААТ «БелВітуніфарм», – паведаміла Вераніка Забалуева. – Падобнае супрацоўніцтва выклікана іх патрэбай, перш за ўсё, у правядзенні лабараторных выпрабаванняў розных відаў субстанцый для вытворчасці прэпаратаў. Пры гэтым ствараць уласныя лабараторыі на кожным асобным прадпрыемстве эканамічна неапраўдана.

З выкарыстаннем сродкаў інавацыйнага фонду аблвыканкама закуплена абсталяванне і аснашчана лабараторыя Цэнтра трансферу тэхналогій пры Віцебскім медуніверсітэце, на базе якой можна праводзіць асобныя даклінічныя і клінічныя даследаванні, а таксама арганізоўваць навучанне студэнтаў. Аналагічнае ўзаемадзеянне наладжваецца паміж прадпрыемствамі, напрыклад з ААТ «БелВітуніфарм». Яно мае абсталяваныя лабараторыі для правядзення выпрабаванняў, без правядзення якіх запуск вытворчасці прэпаратаў немагчымы.

Шматгадовая ўстойлівая кааперацыя па хімічных прадуктах склалася ў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з ААТ «Нафтан», а па кампазітных матэрыялах з ААТ «Полацк-Шкловалакно», у Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта з вытворцамі абутку, дываноў, ільнотканін. У распрацоўцы – новыя віды будаўнічых і ізаляцыйных матэрыялаў (арміраваны бетон), тэрмабялізна, тэхналогіі перапрацоўкі поліўрэтанавых адходаў.

Уласныя лабараторыі і выпрабавальныя цэнтры маюць СТАА «Белвест», ТАА «ПА «Энергакомплект», ААТ «ВЗРД «Маналіт», ААТ «ВЗЭП», «Вымяральнік», якія праводзяць выпрабаванні новых відаў вырабаў як для ўласных вытворчасцей, так і для старонніх арганізацый.

Эксперыментальнымі для НАН Беларусі з'яўляюцца пляцоўкі РУП «Талачынскі кансервавы завод», прадпрыемства «Усце», льнозаводы вобласці. Тут адпрацоўваюцца рэцэптура, тэхналогіі, методыкі вырошчвання сельскагаспадарчых культур, адаптаваных да ўмоў Віцебскай вобласці.

Сёння больш за траціну прадукцыі, якая пастаўляецца на экспарт з Віцебшчыны, адносіцца да высокатэхналагічнай або сярэднетэхналагічнай. Любы інвестыцыйны праект, які фінансуецца з інавацыйнага фонду, павінен адпавядаць па ўзроўні дабаўленай вартасці сярэднееўрапейскім паказчыкам.

Праекты будучыні

У краіне робіцца акцэнт на рэалізацыю комплексных праектаў будучыні, якія павінны стаць кропкамі росту эканомікі, паколькі прадугледжваюць арганізацыю ўнікальных вытворчасцей з высокім эканамічным патэнцыялам. Сярод іх вылучаюць шэсць праектаў – нацыянальны электратранспарт, біятэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе, дакладнае земляробства, інавацыйнае ахоўванне здароўя, біятэхналогіі для фармацэўтыкі, разумныя гарады.

«Імпартазамяшчэнне і павышэнне долі інавацыйнай вытворчасці – найважнейшыя задачы. Беларусь не павінна залежаць ад «капрызаў» заходніх палітычных эліт, якія абмяжоўваюць свабоду цывілізаванага бізнесу, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Імпартазамяшчэнне – пытанне нацыянальнай бяспекі. Тут шырокае поле для рэалізацыі самых смелых задумак беларускіх навукоўцаў».

– Выбар напрамкаў развіцця і паказчыкаў праектаў «будучыні» ажыццяўляецца НАН Беларусі і Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях. Віцебская вобласць заяўлена ў сферы біятэхналогій для фармацэўтыкі з праектамі ААТ «БелВітуніфарм» і ТАА «Белкаролін», – расказала Вераніка Забалуева. – Менавіта прымяненне біялагічных кампанентаў у вытворчасці фармацэўтычных прэпаратаў дазваляе істотна знізіць іх сабекошт, максімальна эфектыўна адаптаваць да фізіялагічных асаблівасцей развіцця кожнага чалавека, вырашаць пытанні ўтылізацыі адходаў і г. д. Неабходна адзначыць, што канцэпцыя адбору праектаў «будучыні» грунтуецца на тэхналагічных рашэннях 5 – 6 укладаў, што патрабуе распрацоўкі і адпаведнага віду абсталявання, пошук якога сёння праводзіцца прадпрыемствамі вобласці ў сферы машынабудавання, нафтахіміі, фармацэўтыкі, радыёэлектронікі.

Беларуска-расійскі дыялог

З 1999 года Рэспубліка Беларусь і Расійскай Федэрацыя з'яўляюцца дзяржавамі – удзельніцамі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Ва ўмовах санкцыйнай палітыкі Захаду пастаянна ўмацоўваецца шматпланавая інтэграцыя Беларусі і Расіі праз рэалізацыю супольных ініцыятыў. У сваім Пасланні кіраўнік дзяржавы адзначыў, што «больш увагі трэба надаваць выкананню эканамічных праграм Саюзнай дзяржавы. Яны арыентаваны на падтрымку адзінай сістэмы прыярытэтаў развіцця навукова-тэхнічнай прасторы нашых краін. Сёння паспяхова працуем у галіне касмічных тэхналогій, медыцыны, біятэхналогій, машынабудавання, лазернай тэхнікі, мікраэлектронікі, аграпрамысловых тэхналогій».

– Неабходна адзначыць, што рэгіёны як Беларусі, так і Расіі згодна з дзеючым заканадаўствам Саюзнай дзяржавы пакуль не могуць выступаць заяўнікамі праектаў. Праграмы заяўляюцца і рэалізуюцца на ўзроўні дзяржаўных органаў кіравання ў выглядзе распрацоўкі і правядзення комплексу супольных мерапрыемстваў па ўмацаванні бяспекі, вырашэнні буйных сацыяльна-эканамічных задач, якія ўключаюць у сябе правядзенне навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх, тэхналагічных, вытворчых, арганізацыйна-гаспадарчых і іншых работ, – удакладніла Вераніка Забалуева. – Важна адзначыць, што ў любой з праграм прысутнічае навукова-тэхналагічная частка, да рэалізацыі якой прыцягваліся спецыялісты БДПУ ім. М. Танка, і вытворчы складнік: тут былі задзейнічаны Аршанскі льнокамбінат і Інстытут лёну.

Што тычыцца ўцягвання рэгіёнаў, то сёння Віцебскі аблвыканкам і адміністрацыя Пскоўскай вобласці прапанавалі Пастаяннаму Камітэту Саюзнай дзяржавы мадэль супрацоўніцтва, якая дазваляе выбудоўваць узаемадзеянне на ўзроўні мясцовых органаў улады, лакальных устаноў адукацыі, культуры, спорту, аховы здароўя. Іх арыентацыя – навуковыя даследаванні, вытворчая практыка, аздараўленне, рэалізацыя супольных мерапрыемстваў сацыяльнага характару.

"Віцебскія весці"