Старшынёй абласной камісіі па выбарах абраны Дзмітрый Хома

Председателем областной комиссии по выборам избран Дмитрий Хома
8 снежня адбылося першае пасяджэнне абласной выбарчай камісіі. Адкрываючы пасяджэнне, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў уручыў службовыя пасведчанні членам выбаркама. Быў абраны кіруючы склад: аднагалосна старшынёй абласной камісіі абраны Дзмітрый Хома, намеснікам – Генадзь Філіпенка, сакратаром – Святлана Ільюшчанка. Складзены графік дзяжурстваў, вызначаны рэжым працы.


Кожная кандыдатура, якая ўвайшла ў склад абласной камісіі, была досыць падрабязна прадстаўлена на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама, паведаміў Дзмітрый Хома. Пасля абмеркавання адбылося адкрытае галасаванне. З 13 членаў камісіі 11 маюць вопыт працы ў абласной камісіі, 2 – новыя. Усе патрабаванні Выбарчага заканадаўства адносна складу камісіі выкананы: сярод іх – прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, палітычных партый і працоўных калектываў.

– У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі, Выбарчым кодэксам у нас у краіне адбудзецца адзіны дзень галасавання, і для ўсіх нас гэта дастаткова нагрузачны момант. У склад камісіі ўвайшлі людзі дасведчаныя, але пэўныя навелы ў заканадаўстве не дадуць нагоды ім расслабіцца, працаваць давядзецца напружана, – сказаў, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў СМІ, Дзмітрый Хома. – Наша задача – каб выбары на ўсіх узроўнях прайшлі без усялякіх пытанняў і вызначыліся дэпутаты ўсіх узроўняў.

Дзяжурства ў абласной камісіі ўстанаўліваецца з 10.00 да 14.00 і з 15.00 да 19.00 у буднія дні, у суботу – з 10.00 да 14.00. Можна звярнуцца як па тэлефоне 68-00-56, так і асабіста прыйсці па адрасе яе размяшчэння ў Віцебску: вуліца Праўды, 28.

"Віцебскія весці"