Старшынёй Сенненскага райвыканкама прызначаны Ігар Мароз

Председателем Сенненского райисполкома назначен Игорь Мороз

На сесіі раённага Савета дэпутатаў на пасаду старшыні Сенненскага райвыканкама зацверджаны Ігар Мароз. Ранейшы кіраўнік рэгіёну Васіль Чараднік узначаліў аграпрамысловае аб'яднанне, створанае на базе Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната.

Ігар Мароз нарадзіўся ў 1984 годзе ў Наваполацку. Пасля заканчэння ў 2007-м Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны працаваў у сельскагаспадарчых арганізацыях Гомельскай і Віцебскай абласцей, намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Чашніцкага райвыканкама. У 2016-м узначаліў ААТ «Іванскі-Агра», тады ж скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З лістапада 2018-га – першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Лепельскага райвыканкама.

Прадстаўляючы актыву рэгіёну новага кіраўніка, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі адзначыў, што Ігар Мароз на розных пасадах зарэкамендаваў сябе прынцыповым, ініцыятыўным кіраўніком, які валодае аналітычным мысленнем, сучаснымі метадамі кіравання.

У сваім выступленні Ігар Мароз абазначыў асноўныя напрамкі будучай дзейнасці – фарміраванне эфектыўнай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, стварэнне спрыяльных умоў для малога і сярэдняга бізнесу, які павінен стаць галоўным рухавіком развіцця эканомікі рэгіёну і крыніцай адкрыцця новых працоўных месцаў. У прыярытэце – далейшы рост прадукцыйнасці працы і ўзроўню сярэднямесячнай зарплаты, рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў, забеспячэнне стабільнай работы сацыяльнай сферы, занятасць насельніцтва, замацаванне маладых спецыялістаў.

Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што за апошнія гады на Сенненшчыне зроблена нямала, але па паказчыках сельскай гаспадаркі раён не блішчыць. У бліжэйшы час яго трэба падцягнуць да ўзроўню вядучых рэгіёнаў Віцебшчыны. Для гэтага неабходна выбудаваць тэхналагічныя ланцужкі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, працу з кадрамі – асаблівую ўвагу маладым спецыялістам. Кіраўнік вобласці зрабіў акцэнт на тым, што датацыі ў бюджэце Сенненшчыны складаюць 58%. Каб знізіць гэту лічбу, трэба таксама развіваць іншыя сферы дзейнасці. Павінна быць створана зразумелая для ўсіх праграма дзеянняў. Кожны кіраўнік абавязаны браць адказнасць на сябе, калі хоча змяніць сітуацыю.

Звяртаючыся да актыву раёна, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч адзначыў, што трэба знаходзіць магчымасць атрымліваць максімальны вынік ад кожнай вытворчасці. Ігару Марозу ён пажадаў сфарміраваць каманду, здольную паляпшаць дабрабыт людзей.



"Віцебскія весці".