Прадстаўлены новы старшыня Гарадоцкага райвыканкама
Новага кіраўніка Пятра Каробача на сесіі раённага Савета дэпутатаў прадставіў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.
Пётр Каробач зарэкамендаваў сябе як тактоўны, прынцыповы і сумленны кіраўнік, здольны выконваць ускладзеныя на яго задачы ў няпростых умовах. Гарадоччына — аграрны раён, а ў Пятра Пятровіча за плячыма добрая сельскагаспадарчая школа. Ён набіраўся вопыту ў СПК «Альгоўскае» у такога аўтарытэтнага спецыяліста, як Дземіко Надзірашвілі. Затым атрыманыя веды і ўласныя напрацоўкі ён паспяхова прымяніў на практыцы, узначаліўшы ААТ «Адраджэнне» Віцебскага раёна. У гэтай гаспадаркі даўнія і слаўныя традыцыі, якія новы дырэктар змог не толькі захаваць, але і прымножыць.
— Гэта няпросты раён, яго прыродна-кліматычная зона не спрыяе аграрыям, тут не развітая прамысловасць, — падкрэсліў Мікалай Шарснёў. — Разам з тым паглядзіце, як змяніўся рэгіён за апошнія гады: актыўна развіваецца турыстычная сфера, мадэрнізуецца сельскагаспадарчая галіна, з'яўляюцца новыя вытворчасці. Вам, Пётр Пятровіч, трэба будзе прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць станоўчую дынаміку і забяспечыць эканамічны рост. Часу на разварушванне не засталося, але ўпэўнены, што калегі вас падтрымаюць. Можаце разлічваць і на ўсю неабходную дапамогу з нашага боку.
Таксама Мікалай Мікалаевіч падзякаваў за працу Васілю Муранкову, які ўзначальваў раён больш за пяць гадоў. За гэты час Гарадоцкаму раёну ўдалося дасягнуць немалых поспехаў у развіцці інфраструктуры ў райцэнтры і на вёсцы: пабудаваны тысячы квадратных метраў жылля, уведзены ў строй і рэканструяваны дзясяткі аб'ектаў сацыяльнага, культурнага і спартыўнага прызначэння, у тым ліку лыжаролерная траса, аўтобусная і чыгуначная станцыі. Значную ролю адыграў Васіль Мікалаевіч у тым, каб на высокім узроўні і ў тэрмін прайшла падрыхтоўка Гарадка да правядзення абласных «Дажынак-2014».
Дэпутаты раённага Савета дэпутатаў аднагалосна падтрымалі кандыдатуру Пятра Каробача, вылучаную на пасаду старшыні райвыканкама.
Алег Шведаў, "Віцебскія весці"