Прадстаўнік УВКБ ААН лічыць беларускае заканадаўства аб бежанцах прагрэсіўным

1 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Прадстаўніца ўпраўлення вярхоўнага камісара (УВКБ) ААН па справах бежанцаў Шоле Сафаві лічыць беларускае заканадаўства аб бежанцах прагрэсіўным і адпаведным міжнародным нормам права. Аб гэтым яна заявіла сёння журналістам падчас наведвання пункта часовага размяшчэння бежанцаў у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У Беларусі распрацавана дастатковая заканадаўчая база ў падтрымку бежанцаў. Новая рэдакцыя закона аб бежанцах, якая ўступае ў сілу з 3 ліпеня, уключае ў сябе многія палажэнні з Канвенцыі аб статусе бежанца 1951 года і пратакола да яе 1967 года. "Аднак і да прыняцця гэтага закона прававая база ў сферы бежанцаў была прагрэсіўнай", - падкрэсліла Шоле Сафаві. Новая рэдакцыя закона дазволіць спрасціць атрыманне статусу бежанца, выдаваць дазволы бежанцам на часовае пражыванне ў Беларусі да 1 года з магчымасцю наступнага падаўжэння. У новай рэдакцыі закона бежанцы прыраўноўваюцца да замежнікаў, якія пастаянна пражываюць у Беларусі. Прадстаўніца УВКБ ААН знаходзіцца з рабочай паездкай у Віцебскай вобласці. Як расказала Шоле Сафаві, яна мае намер сустрэцца з кіраўніцтвам вобласці, прадстаўнікамі міграцыйных службаў і грамадскіх арганізацый, якія займаюцца праблемамі бежанцаў, і абмеркаваць з імі пытанні сацыялізацыі і інтэграцыі бежанцаў у беларускае грамадства. Як адзначыла Шоле Сафаві, у Беларусі створана некалькі пунктаў часовага пражывання бежанцаў. Два з іх разлічаны на гадавое пражыванне асоб, якія прэтэндуюць на атрыманне статусу бежанцаў, яны знаходзяцца ў Віцебску і Гомелі. Адначасова ў іх могуць пражываць каля 50 чалавек. Яшчэ адзін пункт кароткатэрміновага пражывання, на тэрмін не больш за 5 дзён, знаходзіцца ў мінскім аэрапорце. Па словах прадстаўніцы УВКБ ААН, гэтых пунктаў дастаткова, каб забяспечыць нармальнае пражыванне замежных грамадзян, вымушаных пакінуць сваё пастаяннае месца жыхарства. Пункт часовага размяшчэння бежанцаў у Віцебску быў створаны ў 2002 годзе пры падтрымцы УВКБ ААН. Ён разлічаны на адначасовае размяшчэнне 30 замежных грамадзян, якія шукаюць прытулку ў Беларусі. За час яго функцыянавання з чэрвеня 2002 па чэрвень 2009 года накіраванне на часовае размяшчэнне ў пункт было выдадзена 131 замежніку з 25 краін. На тэрыторыі Віцебскай вобласці стаяць на ўліку 36 замежных грамадзян з 6 краін, прызнаных бежанцамі ў Рэспубліцы Беларусь.-0-