Прадстаўнікі 20 грамадскіх аб'яднанняў і партый будуць працаваць у выбарчых камісіях у Віцебскай вобласці
4 лістапада, Віцебск /Сяргей Качатоў - БЕЛТА/. Прадстаўнікі 15 грамадскіх аб'яднанняў і пяці палітычных партый будуць працаваць ва ўчастковых выбарчых камісіях у Віцебскай вобласці, фарміраванне якіх завяршылася 3 лістапада. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама.
Усяго ў вобласці прыступілі да работы 911 участковых камісій з агульным колькасным складам 11458 чалавек, з якіх 4709 грамадзян, або 41,1 працэнта, прадстаўляюць грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі. Акрамя таго, у склад камісій увайшлі 4009 грамадзян, вылучаных шляхам падачы заявы, што складае 35 працэнтаў ад агульнай колькасці, яшчэ 2740 членаў камісій, або 23,9 працэнта, вылучаны працоўнымі калектывамі.
Найбольшае прадстаўніцтва ў камісіях маюць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (1885 членаў камісій), БРСМ (647), Беларускі саюз жанчын (588), Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў (493), таксама ў камісіях прадстаўлены грамадскае аб'яднанне "Белая Русь", Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускі саюз афіцэраў, Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане, Віцебскае грамадскае аб'яднанне "Самакіраванне і грамадства", грамадскае аб'яднанне шматдзетных сем'яў "Сям'я" Верхнядзвінскага раёна і інш.
Ва ўчастковых камісіях будуць працаваць прадстаўнікі пяці палітычных партый, у тым ліку Камуністычнай партыі Беларусі (130 членаў камісій), Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" (18), Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (11), АГП (3) і Беларускай аграрнай партыі (1).
Амаль 68 працэнтаў агульнай колькасці членаў участковых выбарчых камісій складаюць жанчыны. У складзе камісій на долю грамадзян да 30 гадоў прыпадае 13,5 працэнта, дзяржаўнымі служачымі з'яўляюцца 3,7 працэнта ад агульнай колькасці членаў камісіі.
У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам колькасць членаў участковых камісій складае ад 5 да 19 чалавек.-0-