Прадстаўнікі 40 замежных кампаній прыехалі на восеньскі бізнес-форум у Віцебск
15 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадстаўнікі 40 кампаній з Расіі, Польшчы, Латвіі, а таксама дыпламатычных місій прыехалі на восеньскі інвестыцыйны форум у Віцебск, іх увазе прапанавана 140 праектаў, падрыхтаваных прадпрыемствамі вобласці. Аб гэтым паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, адкрываючы сёння бізнес-сустрэчу.
У Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця малога бізнесу і працы прыватнага капіталу, адзначыў губернатар. "Ад узаемаразумення пара пераходзіць да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - падкрэсліў ён. За дзевяць месяцаў бягучага года ў эканоміку рэгіёна прыцягнута $1,2 млрд. інвестыцый, створана 16,8 тыс. рабочых месцаў. Толькі з пачатку года зарэгістравана амаль 1,3 тыс. юрыдычных асоб, 3,2 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. У вобласці запрацавалі 44 новыя прадпрыемствы, у тым ліку 28 - з замежным капіталам. Па выніках студзеня-верасня тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў 110,2%, а без уліку долі ААТ "Нафтан" - 108,%. У грамадскім сектары валавы аб'ём вытворчасці сельгаспрадукцыі дасягнуў 109,3%. Экспартавана прадукцыі на $780 млн. Па словах Аляксандра Косінца, дасягнуць такіх паказчыкаў у няпростых умовах сусветнага эканамічнага крызісу рэгіёну ўдалося дзякуючы чатыром складнікам: кадрам, аграпрамысловаму сектару, прамысловым і будаўнічым прадпрыемствам, развіццю платных паслуг.
Увазе інвестараў прапанавана 140 праектаў. Значная частка з іх звязана са стварэннем вытворчасцей па перапрацоўцы мясцовай сыравіны - драўніны, даламіту, гліны, торфу. Раёны вобласці распрацавалі дзелавыя прапановы па развіцці прыдарожнага сэрвісу, турыстычнай інфраструктуры. На форуме таксама прадстаўлены праекты па стварэнні транспартна-лагістычных цэнтраў. Выстаўку сваёй прадукцыі арганізавалі перапрацоўчыя прадпрыемствы рэгіёну. Упершыню гасцям бізнес-сустрэчы будзе прадастаўлена магчымасць даведацца ўсё пра беларускі шоўк. На выстаўцы-кірмашы-шоў "Віцебскі лён", якая пройдзе ў рамках інвестфоруму, будуць прадстаўлены калекцыі вырабаў з ільняных тканін, прадэманстраваны сучасныя тэхналогіі вытворчасці і перапрацоўкі лёну, пашыву вырабаў.
Акрамя выстаўкі і прэзентацыі інвестпрапаноў бізнесмены змогуць азнаёміцца з прадпрыемствамі рэгіёну, убачыць пляцоўкі, прызначаныя для рэалізацыі дзелавых прапаноў. Інвестфорум завершыць сваю працу 16 кастрычніка.
Старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец нагадаў, што гэта ўжо трэці па ліку бізнес-форум у бягучым годзе. Два папярэднія дазволілі заключыць 54 пагадненні на агульную суму $480 млн.-0-