Прадстаўнікі 9 краін пацвердзілі ўдзел у рабоце XI Міжнароднага эканамічнага форуму «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы» у Віцебску
Больш за 100 прадпрыемстваў і арганізацый вобласці прадставяць апошнія распрацоўкі і высокатэхналагічныя вырабы, імпартазамяшчальную прадукцыю ў экспазіцыі, якая разгорнецца на пляцоўцы каля Летняга амфітэатра. Агульная колькасць зарэгістраваных анлайн і афлайн удзельнікаў пераваліла за 1 тыс. чалавек.
Асаблівы акцэнт будзе зроблены на прэзентацыі інавацыйнага патэнцыялу 10 навучальных устаноў рэгіёну ў спалучэнні з вытворчымі кампаніямі, якія актыўна ўзаемадзейнічаюць з сістэмай адукацыі або могуць стаць патэнцыйнымі пляцоўкамі для ўкаранення створаных там распрацовак.
Цэнтральнай тэмай форуму вызначана крэатыўная эканоміка як стаўка на будучыню. З улікам гэтага фарміруецца праграма дзелавых зносін і змест экспазіцыйных пляцовак. У межах форуму будуць арганізаваны тэматычныя экспазіцыі і дэманстрацыйныя пляцоўкі для прэзентацыі патэнцыйных кропак росту эканомікі рэгіёну: «Тэрыторыя інавацый у прамысловасці», «Лёгкая прамысловасць — платформа магчымасцей кааперацыйнага супрацоўніцтва», «Навацыі ў фармацыі, ахове здароўя, медыцыне» і інш. Для пашырэння рынкаў збыту і ўстанаўлення новых партнёрскіх сувязяў арганізатары плануюць правесці біржу субкантрактацыі па прамысловасці, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, транспарце і лагістыцы, IT-сферы, адукацыі.
Упершыню плануецца правесці афіцыйнае закрыццё форуму, падчас якога запланавана ўзнагароджанне лаўрэатаў традыцыйных конкурсаў Віцебскага абласнога саюза наймальнікаў на прысваенне ганаровых званняў «Лепшы кіраўнік года», «Лепшы спецыяліст года», «Лепшы навуковы распрацоўшчык года», а таксама конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь», які праводзіцца Дзяржстандартам. Дарэчы, сёлета лаўрэатамі гэтых прэстыжных спаборніцтваў сталі 19 прадпрыемстваў Віцебшчыны, падкрэсліла Анжаліка Нікіціна.