Прадстаўнікі бізнес-супольнасцяў 4 краін абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва на эканамічным форуме ў Оршы
Больш за 70 экспанентаў і 30 афіцыйных дзелавых асоб прынялі ўдзел у VIII Міжнародным эканамічным форуме і IX Рэспубліканскай універсальнай выстаўцы-кірмашы «Аршанскія традыцыі», урачыстае закрыццё якой прайшло сёння на плошчах Лядовай арэны.
Тэмай першага дня форуму стала ўзаемадзеянне гарадоў-партнёраў. Пасля цырымоніі адкрыцця ў горпасёлку Балбасава адбылася прэзентацыя мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Орша». Тут жа абмеркавалі напрамкі трансгранічнага супрацоўніцтва ў транспартна-лагістычнай сферы.
Выстаўку, дзе была прадстаўлена прадукцыя вядучых прадпрыемстваў Прыдзвіння, расійскіх гарадоў-пабрацімаў, па традыцыі суправаджаў кірмаш вакансій, арыентаваны не толькі на беспрацоўных, але і на будучых маладых спецыялістаў – выпускнікоў Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, каледжаў і ліцэяў Аршанскага раёна.
Другі дзень мерапрыемства арганізатары – Віцебскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Аршанскі райвыканкам – прысвяцілі тэме «Прэферэнцыі і перавагі ў канкурэнтным асяроддзі».
Панельныя дыскусіі сталі фундаментам дзелавой часткі дня. Удзельнікі абмеркавалі асаблівыя ўмовы гаспадарання ў рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №506 ад 31.12.2018 «Аб развіцці Аршанскага раёна Віцебскай вобласці».
Асобна ўзнімалася пытанне планавання прадпрымальніцкай дзейнасці. Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі Віцебскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Ліепайская спецыяльная эканамічная зона Латвійскай Рэспублікі.
Экспарту прадукцыі, мытнаму суправаджэнню пры арганізацыі міжнародных перавозак, пытанням лагістыкі ўдзялілі ўвагу на трэці дзень мерапрыемства. Праграму форуму разнастаілі спартыўныя падзеі, экскурсіі. Госці рэгіёна наведалі Аршанскі ільнокамбінат і Дом лёну.