Прадстаўнікі дзелавых колаў Віцебскай вобласці і Латвіі абмяркуюць сумесныя праекты на бізнес-форуме ў Латгаліі

23 красавіка, Даўгаўпілс /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дні Віцебскай вобласці стартавалі сёння ў Латгаліі. Бізнес-форум працягнецца да 25 красавіка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанцін Чорны. Латгаліяй называюць усходнюю частку Латвіі – рэгіён, які мяжуе з Віцебскай вобласцю і традыцыйна падтрымлівае цесныя кантакты з Беларуссю. У яго склад уваходзяць шэсць раёнаў з цэнтрамі Балві, Лудза, Рэзекнэ, Прэйлі, Краслава і Даўгаўпілс. Віцебскую дэлегацыю прымае другі па велічыні і значэнні горад Латвіі – Даўгаўпілс. Каля 60 прадпрыемстваў вобласці розных форм уласнасці, ад гігантаў ААТ "Нафтан", "Віцязь" да кансервавых заводаў камунальнай уласнасці і невялікіх прыватных прадпрыемстваў, выставяць сваю прадукцыю і прымуць удзел у кантактна-кааперацыйнай біржы з удзелам дзелавых колаў Латвіі. Запланавана таксама наведванне прадпрыемстваў Даўгаўпілса і прадстаўленне інвестыцыйных прапаноў прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Творчы патэнцыял беларускага рэгіёну прадставяць каля 20 мастацкіх калектываў, якія дадуць канцэрт у Даўгаўпілскім Палацы культуры. Падчас дзелавога форуму адбудзецца падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж Віцебскім аблвыканкамам і Латгальскім самакіраваннем, планаў мерапрыемстваў па супрацоўніцтве адміністрацый горада Віцебска з адміністрацыямі Даўгаўпілса і Рэзекнэ, Браслаўскага, Мёрскага, Верхнядзвінскага, Віцебскага, Глыбоцкага раёнаў з раёнамі Латгаліі. -0-