Прадстаўнікі Мінабароны ацанілі вопыт Лёзненскага раёна па ўшанаванні памяці загінуўшых у гады ВАВ
Напярэдадні прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі азнаёміліся з багатым вопытам гэтай работы ў Лёзненскім раёне, дзе ў 88 воінскіх пахаваннях спачываюць звыш 32 тыс. савецкіх байцоў, і які першым у Віцебскай вобласці адсвяткаваў 75-годдзе вызвалення ад гітлераўскага нашэсця.
Дэлегацыя наведала афіцэрскія могілкі ў аграгарадку Стасева, мемарыял «Адаменская горка», Алею славы і ваенна-гістарычны музей у райцэнтры. А таксама разам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніцтвам смаленскіх грамадскіх арганізацый «Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Смаленскай вобласці» і «Зямлякі» прыняла ўдзел у патрыятычным мерапрыемстве ў лёзненскай СШ №1, дзе шмат гадоў дзейнічае народны музей народнай славы.
Упрыгожаннем гэтай сустрэчы стала фотавыстава «Дарогі вайны. Дарогі міру. Дарогі памяці» – пра мемарыяльныя месцы ўздоўж магістраляў, што злучаюць прыгранічныя расійска-беларускія тэрыторыі.
Па словах начальніка ўпраўлення па увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Мінабароны палкоўніка Сяргея Варановіча, Віцебшчына сярод абласцей краіны займае трэцяе месца па колькасці воінскіх пахаванняў. Іх сённяшні стан – вынік зладжанага ўзаемадзеяння мясцовых распарадчых органаў, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый у увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны, патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. У тым ліку і ў Лёзненскім раёне.