Прадстаўнікі абласной улады і грамадскіх аб'яднанняў павіншавалі з 95-годдзем ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Анатоля Церанцьева

Прадстаўнікі абласной улады і грамадскіх аб'яднанняў павіншавалі з 95-годдзем ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Анатоля Церанцьева з Віцебска.

У 1941 годзе Анатоль Церанцьеў на фронт не трапіў — быў падлеткам. Аднак, застаўшыся з сям'ёй у акупаваным Віцебску, уступіў у шэрагі падпольнай групы Мікалая Нагібава. Хлопец добра ведаў нямецкую мову, таму быў каштоўным інфарматарам — даведваўся пра планы ворага, вёў падлік эшалонаў і колькасці праціўніка. Таксама ён удзельнічаў у падрыўных працах.

У армію Анатоля Ніканавіча прызвалі ў 1944 годзе пасля вызвалення абласнога цэнтра — займаўся размініраваннем тэрыторый. Аб разгроме гітлераўскай Германіі ён даведаўся з паведамлення па радыё, першае адчуванне — гонар за савецкі народ, які здолеў пазбавіць свет ад фашызму. Пасля Перамогі служба віцябляніна не скончылася — разам з аднапалчанамі ён абясшкоджваў міны да кастрычніка 1945-га.

Пасля дэмабілізацыі Анатоль Церанцьеў вярнуўся ў Віцебск, уладкаваўся на станкабудаўнічы завод імя Кірава. Паралельна з гэтым скончыў Маскоўскі політэхнічны інстытут і стаў галоўным энергетыкам завода «Эвістар».

З юбілеем Анатоля Ніканавіча павіншавалі начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі і старшыня ветэранскай арганізацыі аблвыканкама Зоя Крот. Ганаровыя госці падкрэслілі, што беларусаў, якія выжылі ў ваенныя гады, засталося няшмат, таму іх успаміны пра тыя страшныя падзеі так каштоўныя для сённяшняга пакалення. Яны неабходныя, каб не забываць пра подзвігі нашых дзядоў і прадзедаў, не дапускаць перакручвання гісторыі. Ветэрану ўручылі вышэйшую ўзнагароду Віцебшчыны — Ганаровую грамату аблвыканкама — і перадалі віншаванні ад кіраўніка вобласці Аляксандра Субоціна.

— Рады, што ў такім шаноўным узросце вы ў добрым здароўі і бадзёрым настроі, — падкрэсліў Уладзімір Мікалаевіч. — Цяжка пераацаніць ваш уклад у Перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, а затым і ў аднаўленне народнай гаспадаркі краіны. Дзякуючы такім людзям, як вы, мы сёння жывём пад мірным небам у незалежнай Беларусі.

"Віцебскія весці"