Прадстаўнікі партый складаюць 19,1% ад агульнай колькасці вылучэнцаў у акруговыя выбарчыя камісіі ў Беларусі
Усяго ў Беларусі па 2 верасня ўключна павінна быць утворана 110 акруговых выбарчых камісій. У іх склад вылучана 1959 чалавек, з якіх 1427, або 72,8%, - грамадскімі аб'яднаннямі. Так, партыі, паводле даных ЦВК, вылучылі 375 чалавек, або 19,1%, іншыя грамадскія аб'яднанні - 1052 (53,7%).
Сярод партый самымі актыўнымі на гэтым этапе выбарчай кампаніі аказалася КПБ. Камуністы вылучылі ў акруговыя выбаркамы 86 сваіх прадстаўнікоў, або 4,4% ад агульнай колькасці кандыдатур. Далей ідуць Беларуская партыя левых "Справядлівы свет", якая вылучыла 74 чалавекі (3,8%), і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (60 чалавек, 3,1%).
Што тычыцца іншых грамадскіх аб'яднанняў, то ў лідарах прафесійныя саюзы. Яны вылучылі 286 чалавек (14,6%). Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" і БРСМ прапанавалі па адным сваім прадстаўніку ва ўсе 110 акруговых выбарчых камісій.
Ад грамадзян шляхам падачы заяў у акруговыя выбаркамы вылучана 625 чалавек, або 31,9%, ад працоўных калектываў - 77 (3,9%).
Пасля ўтварэння акруговых выбарчых камісій прэтэндэнты на месцы ў парламенце змогуць пачаць падаваць у іх дакументы (перш за ўсё аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў для вылучэння).
Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаны на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі - на 7 лістапада.