Прадстаўнікі амбасадаў могуць працаваць у якасці міжнародных назіральнікаў на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў

16 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Беларусі, могуць працаваць у якасці міжнародных назіральнікаў на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, паведаміў сёння журналістам сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Ён прымае ўдзел у семінары-нарадзе са старшынямі і сакратарамі тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій, начальнікамі аддзелаў арганізацыйна-кадравай і ідэалагічнай работы рай- і гарвыканкамаў Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Пры жаданні працаваць у якасці міжнародных назіральнікаў прадстаўнікі замежных пасольстваў і дыппрадстаўніцтваў павінны звярнуцца з адпаведнай просьбай у Міністэрства замежных спраў. Як толькі яны атрымаюць запрашэнне МЗС, ЦВК іх акрэдытуе, растлумачыў працэдуру ўдзелу замежных дыпламатаў у назіранні за выбарчай кампаніяй Мікалай Лазавік. Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць шостага склікання прызначаны на 25 красавіка 2010 года.-0-