Прадстаўнікі пажарна-выратавальнай службы Латвіі і МНС Беларусі сустрэнуцца ў Наваполацку
Сустрэча беларускіх і латвійскіх ратавальнікаў адбудзецца 4-6 снежня ў Наваполацку. Гэта будзе ўжо сёмы з'езд рабочай групы па супрацоўніцтве ў галіне папярэджання катастроф, стыхійных бедстваў, іншых надзвычайных сітуацый, а таксама ліквідацыі іх наступстваў.
Дэлегаты з Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службы Латвіі, МНС Беларусі, а таксама прадстаўнікі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС абмяркуюць вынікі запланаванай праграмы супрацоўніцтва за мінулы справаздачны год.
Таксама ўдзельнікі абмяняюцца досведам арганізацыі і функцыянавання вадалазна-выратавальнай службы выратавальных ведамстваў, латвійскія калегі падзеляцца напрацоўкамі па ліквідацыі наступстваў вясновых паводак і ледзяных затораў. У межах сустрэчы плануецца абмеркаваць і перспектывы ўзаемадзеяння паміж медыцынскімі службамі дзвюх дзяржаў.
Кацярына Князева, "Віцебскія весці"