Прадстаўнікі Віцебшчыны заваявалі шэраг узнагарод на чэмпіянаце свету па пажарна-выратавальным спорце
Лічба 13 стала сімвалічнай для сямі спартсменаў з Віцебскай вобласці, якія ўвайшлі ў склад зборных каманд Рэспублікі Беларусь. 13 залатых медалёў, адно «серабро» і дзве «бронзы» яны прывезлі з чэмпіянату свету сярод моладзі і юніёраў па пажарна-выратавальным спорце. 13 жніўня іх ушанавалі ў абласным упраўленні МНС.
Горад над Нёманам сабраў больш за 300 удзельнікаў з 13 краін Еўропы і Азіі. Чэмпіянат уключаў у сябе адразу чатыры сусветныя першынствы: IV чэмпіянат свету сярод нацыянальных мужчынскіх моладзевых каманд, II чэмпіянат свету сярод нацыянальных жаночых моладзевых каманд, а таксама VI чэмпіянат свету сярод юнакоў і юніёраў і II першынство свету сярод дзяўчат і юніёрак па пажарна-выратавальным спорце.
Спартсмены змагаліся ў пад'ёме па штурмавой лесвіцы, пераадоленні 100-метровай паласы з перашкодамі, баявым разгортванні і пажарнай эстафеце 4х100 м.
Добрую фізічную падрыхтоўку і спартыўнае майстэрства паказалі зборныя каманды Рэспублікі Беларусь, у склад якіх увайшлі выхаванцы Віцебскай школы пажарна-выратавальнага спорту. Трэніруе іх работнік ПАСА «Віцязь» капітан Сяргей Марцінкевіч.
Бронзавым прызёрам IV чэмпіянату свету сярод нацыянальных мужчынскіх моладзевых каманд у двух практыкаваннях: пераадоленні – 100-метровай паласы з перашкодамі і пажарнай эстафеце 4х100 м – стаў служачы ПАСА «Віцязь» Уладзімір Дадзеркін, а яго каманда заняла 1-е месца.
Навучэнец СШ №28 Мікіта Васіленка пакуль толькі набіраўся вопыту, а ў яго калегі Іллі Бабыдова «серабро» ў 100-метроўцы з перашкодамі. Трэнер каманды Сяргей Марцінкевіч адзначыў, што ў Іллі ёсць усе дадзеныя, каб стаць вялікім спартсменам.
Віцяблянка Вікторыя Восіпава папоўніла агульны скарбонку ўзнагарод двума медалямі за 1-е месцы ў пажарнай эстафеце 4х100 м і баявым разгортванні, а ўзначаленая ёю каманда лідзіравала ў чэмпіянаце сярод жанчын.
14-гадовая наваполачанка Кацярына Сямёнава ў малодшай узроставай катэгорыі II першынства свету сярод дзяўчат і юніёрак па пажарна-выратавальным спорце дапамагла сваёй камандзе заваяваць 1-е месца.
У тым жа першынстве ў сярэдняй узроставай групе тры «золаты» ў Паліны Аршаўскай з Віцебска: два медалі ў асабістым заліку ў баявым разгортванні і пажарнай эстафеце 4х100 м і 1-е агульнакаманднае месца.
Віцяблянка Кацярына Багданава, упершыню адправіўшыся на чэмпіянат свету, вярнулася адтуль абсалютнай чэмпіёнкай. Яна выступала ў старэйшай узроставай групе на II Першынстве свету сярод дзяўчат і юніёрак. Ва ўсіх чатырох практыкаваннях Каця была першай, і яе каманда заваявала 1-е месца. СМІ ўжо ахрысцілі спартсменку «Кацярына непераможная».
На думку трэнера Сяргея Марцінкевіча, самым складаным у падрыхтоўцы было знайсці зручны для ўсіх час трэніровак.
– У асноўным у камандзе школьнікі, таму, у першую чаргу – вучоба, да таго ж многія наведваюць іншыя секцыі, – падзяліўся Сяргей Марцінкевіч.
Паліна і Кацярына акрамя таго, што вучацца ў спартыўным класе СШ №10 Віцебска, таксама разам займаюцца лёгкай атлетыкай у абласной СДзЮСШ у трэнера Сяргея Кохненкі, які нямала зрабіў для іх поспехаў, у тым ліку і ў пажарна-выратавальным спорце. У наступным годзе дзяўчаты маюць намер паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры.
– У 2013 годзе ў зборнай Беларусі на чэмпіянаце быў толькі адзін прадстаўнік Віцебшчыны, у 2014-м – 4, а ў гэтым годзе ўжо 7 спартсменаў, – адзначыў станоўчую тэндэнцыю Сяргей Марцінкевіч. – Будзем спадзявацца, што ў 2016 годзе іх будзе яшчэ больш.
Алена Алімава, «Віцебскія весці». Фота Антона Сцяпанішчава, «Віцебскія весці» і БелТА.